Свечкі ў чужой бажніцы



У чужой бажніцы свечкі не папраўляй. Але гэта не пра чыноўнікаў нашай усходняй суседкі. Ім бы ў сваёй бажніцы свечкі добра расставіць, а яны да іншых лезуць.

Пасол Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч выказаўся наконт мяккай беларусізацыі і дэрусіфікацыі. На ягоную думку, паміж гэтымі дзвюма з’явамі існуе тонкая мяжа. Маўляў, вывучэнне роднай мовы і культуры не павінна адбывацца за кошт ушчамлення рускай мовы і сумеснай культуры. А цяпер уявіце, каб які-небудзь пасол Беларусі ў Расеі сказаў штосьці падобнае там. То бок вывучэнне мовы і культуры – добра, але не за кошт ушчамлення беларускай мовы. Увогуле ў Расеі хоць у якой школе ёсць прадмет беларуская мова і літаратура? А гісторыю Расеі выкладаюць па-беларуску? Ды хаця б колькі маецца беларускамоўных школ у Расеі? На ўсю 140-мільённую Расею маецца ўсяго адна школа. Ды і тое, школа – гэта гучна сказана. Так, вывучаюць беларускую мову некалькі набораў першых класаў. Затое ў Беларусі рускамоўныя школы амаль паўсюль. І пасля гэтага нейкі Бабіч пачынае разважаць пра дэрусіфікацыю. То бок калі сыходзіць з ягоных словаў, усё, што цяпер – гэта добра. А як толькі будзе павялічвацца колькасць беларускамоўных школ, то гэта, паводле яго, – дэрусіфікацыя.

Колішні пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан выдатна размаўляе па-беларуску. Пры гэтым ён не разважае пра мяккую беларусізацыю. Цікава, ці сказаў хоць адно беларускае слова ягоны калега Міхаіл Бабіч? Ці ён толькі здольны пра дэрусіфікацыю размаўляць? Лепей бы непакоіўся пра тое, што адбываецца каля Хабараўска. А тое там будзе хутка зусім не мяккая кітаізацыя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ