Дзяржава вяртае актывісту 735 рублёў штрафу за пікет на #БНР100
На Дзень Волі – 2018 Мікола Качурэц узняў ля помніка Альгерду ў Віцебску бел-чырвона-белы сцяг, быў затрыманы і аштрафаваны судом Кастрычніцкага раёна на 30 базавых велічыняў (23.4 КаАП і 23.34 КаАП). А 4 лютага 2019 года ён атрымаў копію пастановы пра скасаванне справы і касавы чэк – для вяртання грошаў, сплочаных за штраф, піша „Віцебская Вясна”.
Копію пастановы пра скасаванне адміністрацыйнай справы, даведку і касавы чэк аб выплачаным штрафе Міколу Качурцу даслаў начальнік АУС Кастрычніцкага раёна Віцебска Сяргей Стэльмах. Каб вярнуць грошы за штраф, раіць звярнуцца з дасланымі дакументамі ў падатковы орган па месцы жыхарства, а для вяртання дзяржпошліны – у суд. Дадаткова паведамляе, што канфіскаваны ў Качурца 25 сакавіка 2018 года бел-чырвона-белы сцяг “на захоўванні ў АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна адсутнічае”.
Міколу Качурца затрымалі 25 сакавіка, калі ён прыйшоў з бел-чырвона-белым сцягам да помніка Альгерду ў Віцебску. Актывіст правёў ноч у віцебскім ізалятары часовага ўтрымання. 26 сакавіка суддзя Кастрычніцкага суда Віцебска Уладзімір Царыкаў прызнаў Міколу Качурца вінаватым у парушэнні заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў (ч.2 арт. 23.34 КаАП) і ў непадпарадкаванні службовай асобе (23.4 КаАП), пакараўшы віцебчука штрафам на суму 30 базавых велічыняў (735 рублёў).
26 сакавіка абласны суд адмяніў рашэнне суда ў парадку нагляду: “выснова суда аб даказанасці вінаватасці Качурца паводле ч. 2 арт. 23.34 КаАП з’яўляецца заўчаснай”.
Асноўныя прэтэнзіі старшыні аблсуда былі выказаныя да зместу пратакола. Справа была накіраваная на новы разгляд. 27 кастрычніка 2018 года скончыўся тэрмін адміністрацыйнага пакарання, што, у адпаведнасці з заканадаўствам выключае адміністрацыйны працэс. Паводле пастановы пра скасаванне справы аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Раней у Віцебску яшчэ ніколі не скасоўвалі адміністрацыйныя справы за парушэнне заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Справа Качурца ў гэтым сэнсе – беспрэцэдэнтная.
Мікола Качурэц абяцае, што, вярнуўшы грошы, выплачаныя ім раней у якасці штрафу, будзе дамагацца, каб яму вярнулі і незаконна канфіскаваны бел-чырвона-белы сцяг.