Сведкі працэсу: Тамару Шчапёткіну засудзілі ў кабінетах спецслужбы



Чарговы незалежны журналіст Тамара Шчапёткіна пакарана судом Бярозаўскага раёна штрафам у 30 базавых велічынь, што складае 4.5 мільёны беларускіх рублёў.

Прысутныя на судзе аднадушна заявілі, што як суддзя, так і міліцыя выканалі загад спецслужбаў. Кажа актывіст кампаніі “Гавары праўду” Валянцін Лазарэнкаў:

– Спецслужбы, каб не падстаўляцца, адрасуюць і работнікам РАУС, і работнікам пракуратуры, і работнікам суда, якія проста робяцца выканаўцамі і працуюць “па паняццях”.

Таццяна Тарасевіч: Рашэнне суда было вынесена загадзя. Гэта добра бачна. Трэба было толькі прайсці цырымонію. У нас так робіцца.

Анатоль Маразюк: Грамадзянка Шчапёткіна, калі б узяла інтэрв’ю і надрукавала яго ў нашай раённай газеце “Маяк”, дык суда гэтага не было б, не было б ніякіх пратаколаў і яшчэ дзякуй нехто з чыноўнікаў сказаў бы.

Тамара Шчапёткіна ужо 13-ы незалежны журналіст пакараны вялікім штрафам за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі.

[Not a valid template]

* * *

У судзе Бярозаўскага раёна закончыўся разгляд справы незалежнай журналісткі Тамары Шчапёткінай, якой прысудзілі штаф – 30 базавых велічыняў. Каментуючы гэтае рашэнне суддзі, журналістка сказала, што суд атрымаў загад ад спецслужбаў пакараць яе і паслухмяна яго выканаў.

IMG_8525

17 снежня пройдзе яшчэ адно судовае паседжанне. Незалежная журналістка Тамара Шчапёткіна атрымала позву ў суд Бярозаўскага раёна. Яе звінавачваюць у незаконным вырабе прадукцыі СМІ, як пра гэта напісаў у пратаколе намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку Бярозаўскага РАУС, капітан міліцыі Мікалай Пракурат.

І зараз Тамара Шчапёткіна рыхтуецца да судовага паседжання. Ад адваката яна адмовілася.

РР: Спадарыня Тамара, чаму вы адмовіліся ад адваката?

Тамара Шчапёткіна: Я адмовілася ад яго, бо няма сэнсу ў тым, каб ён быў. У нашых судах, асабліва калі судзяць палітычных або журналістаў незалежных, то загадзя ўжо ведаюць, як яны нас пакараюць. І рашэнне суда загадзя падрыхтаванае. А ў час паседжання будуць рабіць толькі выгляд, што разглядаюць справу, пойдуць на перапынак нібы для прыняцця рашэння, хоць усё вырашана. Яны самі нічога не вырашаюць – за іх гэта робяць спецслужбы.

І гэта ў мяне было не раз. На гэты конт маю багаты вопыт. Рыхтуюся да таго, каб адбівацца, як магу. Хоць сама не разумею, за што мяне судзяць. Акрамя дабра, я нічога сваёй дзейнасцю не зрабіла. Калі судзяць за дабро – гэта ўжо ненармальна.

РР: Раскажыце, калі ласка, асаблівасці сваёй справы. Як прайшло складанне пратакола?

Тамара Шчапёткіна: Гэта насамрэч рыхтавалі спецслужбы. Бо яны хадзілі да людзей – герояў маіх матэрыялаў. Хадзілі, цікавіліся, нават здымкі да чатырох жанчын насілі. Нібы я закаранелая злачынца. І прасілі знайсці сярод гэтых чатырох фотаздымкаў мяне. Яны так адточвалі на мне свой прафесіяналізм, што, хутчэй за ўсё, кіраўніцтва іх пахваліла. А з мяне зрабілі ворага.

І самае цікавае, што падставай для пачатку справы і сённяшняга суда стала інтэрв’ю з загадчыкам аптэкі “Лекі па рэцэпце”. Гэта настолькі актуальная была тэма, людзі цікавіліся, звярталіся да мяне з пытаннем. Я ж раней была дэпутатам у гарадскім савеце і працавала ў газеце. Таму людзі прызвычаіліся да мяне звяртацца. Звярнуліся і гэтым разам. Таму я і сустрэлася з загадчыкам аптэкі.

Лічу, што зрабіла правільна. Добра зрабіла і Беларускае Радыё Рацыя, змясціўны на сваёй старонцы такі матэрыял, які быў разасланы мной у розныя выданні. Таму людзі ўдзячны і мне, і вашаму радыё, што такі матэрыял з’явіўся. Удзячны, думаю, і загадчык аптэкі, бо я зрабіла працу, якую павінны рабіць усе журналісты афіцыйных выданняў.

РР: Спадарыня Тамара, ці ведаеце, якія матэрыялы ёсць у вашай справе?

Тамара Шчапёткіна: Ведаю, што сведкам ідзе загадчык аптэкі. Ёсць яшчэ дырэктар сярэдняй школы, у якога я брала інтэрв’ю пра яго ўзнагароду. Тым больш гэта беларускамоўны дырэктар, і мяне як чалавека, які хварэе на беларускасць, цікавіла гэта. Але ён адмовіўся быць сведкам на судзе, таму застаецца адзін Кузюпа – загадчык аптэкі. Пацярпелых няма.

Яшчэ адна рэч. У пратаколе напісана, што я ў 12.30 была ў загадчыка аптэкі, не маючы акрэдытацыі журналіста на тэрыторыі Беларусі, і брала інтэрв’ю, якое было пасля змешчана ў інтэрнэце, на старонцы Беларускага Радыё Рацыя. Гэтым парушыла патрабаванні артыкула 36 Рэспублікі Беларусь аб сродках масавай інфармацыі – здзейсніла незаконны выраб прадукцыі СМІ. Але я лічу, што гэта нейкае трызненне. Тое, што я знайшла інфармацыю, адказ на пытанні людзей, – гэта не выраб сродка масавай інфармацыі. Але чамусьці такі выраз сярод нашых органаў даволі модны. Ці з прычыны няведання, ці непрафесіяналізму – мне цяжка сказаць.

РР: Яшчэ ў вас ёсць такі цікавы выраз: “Пацярпелыя ад інтэрв’ю адсутнічаюць”.  Што б гэта магло значыць? Хто можа пацярпець ад інтэрв’ю, калі мы проста інфармуем беларускае грамадства пра тое, што сёння адбываецца ў Беларусі?

Тамара Шчапёткіна: Ну, тут у іх не атрымалася “прыляпіць” мне пацярпелых. Таму па справе яны і адсутнічаюць. Я нікога не прыніжала, на барыкады не клікала.

РР: Хочацца падзякаваць вам за гэтую інфармацыю, ды ўвогуле дзякуй за ўсё, што вы робіце для беларускага грамадства. Трымайцеся! Абараняйцеся ў судзе! І будзем спадзявацца, што скончыцца ўсё добра.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя