Колькасць карупцыйных злачынстваў у Менскай вобласці вырасла на 85%



У Менскай вобласці ў 2018 годзе выяўлена 381 злачынства карупцыйнай скіраванасці, што на 85% больш, чым у папярэднім годзе. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску 12 лютага пракурор вобласці Алег Лаўрухін.

Паводле яго слоў, найбольшая колькасць крымінальных справаў была распачатая па арт. 430 КК (атрыманне хабару). Вырасла таксама колькасць крадзяжоў з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў і злоўжываннем службовымі паўнамоцтвамі.

„Вы бачыце, якую пільную ўвагу прэзідэнт надае гэтай праблеме. Напэўна, тыя людзі, якія прызначаюцца на адказныя пасады, вертыкаль улады, забываюць пра адну рэч — што ў нас не вельмі вялікая краіна, і пра чалавека пры жаданні і не прыкладаючы асаблівых намаганняў можна даведацца літаральна ўсё, — падкрэсліў пракурор. — Чамусьці займаючы падобныя пасты, людзі губляюць інстынкт самазахавання ў гэтай частцы”.

Уся заканадаўчая база для эфектыўнай барацьбы з карупцыяй у краіне ёсць, дадаў Лаўрухін. У бягучым годзе, паводле яго слоў, пракуратура будзе надаваць больш увагі пытанням правядзення дзяржзакупак, каб мінімізаваць выкарыстанне ашуканскіх схем, у тым ліку так званых адкатаў.

Як адзначыў намеснік пракурора Менскай вобласці Аляксандр Беліцкі, найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў здзейсненая ў сферы транспарту — транспартнай інспекцыяй Мінтранса. Як правіла, парушальнікі дазвалялі пропуск транспарту з перавышэннем дазволенага танажу. На другім месцы па колькасці эпізодаў карупцыі ў галіне сельская гаспадарка, на трэцім — сфера дзяржкіравання. Зараз СК расследуюцца крымінальныя справы ў дачыненні да былых старшынь Пухавіцкага раённага і Жодзінскага гарадскога выканкамаў.

У пракуратуры звяртаюць увагу на серыйнасць падобных злачынстваў. На кожнага затрыманага ў мінулым годзе прыпадала прыкладна па дзесяць эпізодаў атрымання хабару.

belapan.by