Тэорыя вялікага выбуху



Мокры снег. Месцамі дождж і туман… Ні надвор’е, ні навіны апошніх дзён настрою вясёламу не спрыяюць. Тут будзе дарэчы згадаць адно даследаванне канадскіх вучоных.

Неверагодна, але факт: у нашага сусвету ёсць двайнік з антыматэрыі. І там час ідзе ў адваротным накірунку. Новая мадэль сусвету кажа, што падчас Вялікага выбуху ўтварыліся два сіметрычныя сусветы. У адным жывем мы, а ў іншым сусвеце – люстраным! – час ідзе назад, у мінулае. То бок сам Вялікі выбух стаў своеасаблівай кропкай адліку і кропкай сіметрыі. Фізікі прыйшлі да высновы: антысусвет падобны да нашага, але паколькі час там рухаецца ў адваротным накірунку, то… Атрымліваецца, што тое, што мы маем тут, можна “адкруціць” назад? І многія страшныя рэчы, злачынствы і непатрэбныя для іміджу краіны судовыя працэсы – таксама?

Пераходзім ад фізікі да філасофіі, але давайце пакінем убаку навуковыя разважанні і пяройдзем да рэальнага жыцця простых людзей. Дарэчы, яно не выходзіць за межы версіі пра два магчымыя люстраныя сусветы ў тым плане, што або тут, або там – немагчыма знаходзіцца ў двух адначасова! Папросту кажучы, нельга сядзець на двух крэслах.

Разумеюць гэту просту рэч далёка не ўсе. Так, у сталіцы нашай радзімы здарыўся чарговы крадзеж з узломам дзвярэй. Праваахоўнікі западозрылі гаспадыню кватэры, што пацвердзіла далейшае разбіральніцтва справы. Незадоўга да здарэння жанчына здала сваю двухпакаёвую кватэру двум маладым людзям. “Шукайце жанчыну!” – вядомая фраза з крымінальным падтэкстам. Перад сваім днём народзінаў тая самая жанчына (гаспадыня жытла) пры непасрэдным удзеле свайго мужчыны (абодва раней мелі дачыненне да незаконнага абароту наркотыкаў) вырашыла зрабіць сабе падарунак.

Маючы другі камплект ключоў, нашы Боні і Клайд вырашылі папсаваць жалезныя дзверы і навесці туману… Маўляў, мы тут не пры чым: мы былі ў іншым месцы! Але ў тым месцы не было патрэбнай бытавой і лічбавай тэхнікі, а таксама грошай (агульная сума скрадзенага – прыкладна 4 000 долараў), адзення, абутку і… сыру! Шыканулі панове. Потым знялі іншае жытло, зрабілі запас псіхатропаў, а кавалер набыў сваёй даме пярсцёнак залаты з дыяментаў… Дзень святога Валянціна згадалі? Проста нейкі паралельны сусвет.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ