Ігар Банцар: Высвятляем асноўныя праблемы жыхароў выбарчай акругі
У Гародні Аб’яднаная грамадзянская партыя ўжо вызначылася з тым, хто будзе вылучацца ў маючыя адбыцца выбары ў Палату Прадстаўнікоў Беларусі. У акрузе, дзе будзе балатавацца Мікола Салянік, лідар абласной арганізацыі, праца з выбарцамі ўжо вядзецца сіламі валанцёраў АГП. Пра супрацу з насельніцтвам кажа Ігар Банцар, сябра партыі.
– У рамках штодзённай працы з выбарцамі мы, каманда Мікалая Васільевіча Саляніка, які будзе балатавацца кандыдатам у дэпутаты нашага парламента, правялі ў ягонай будучай выбарчай акрузе апытанне грамадзянаў для таго, каб яны вызначылі самыя галоўныя праблемы, якія іх хвалююць. Мы прыйшлі да высновы, што найбольш востра хвалююць жыхароў акругі праблемы ўпарадкавання вуліц Дамброўскага, Урублеўскага і Курчатава і недастатковая колькасць парковачных месцаў для уладальнікаў аўтамабіляў.
Гэтая частка Гародні ўзводзілася, пераважна, у пачатку 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя. Таму існавалі іншыя нарматывы. Цяпер жа сябры АГП збіраюцца дапамагчы жыхарам гэтых вуліцаў у сумесных дзеяннях, каб дамагчыся стварэння новых парковачных месцаў, не ў шкоду жыхарам, якія не маюць аўтамабілям, пешаходам і экалагічнаму транспарту, якім з’яўляецца ровар.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя