Мацнейшыя выжывуць



На вуліцы – шэрань… Накрапвае дождж… У вокны лезе туман…

Кіраўнік дзяржавы разгледзеў кадравыя пытанні і падпісаў чарговы дэкрэт, які народ вяла абмяркоўвае ў фэйсбуку, бо ёсць больш цікавая тэма – падзенне расейскага рубля і закупы ў суседняй краіне, якую раней не разглядалі як меку шапаголіка. Усё змяняецца і, маючы долары ў кішэні, можна рвануць на ўсход за танным ламінатам ці новым аўто па вельмі “цікавым” кошце… А падчас у РФ знаходзіцца тое, чаго ў нас няма нават па высокіх коштах.

Імпартныя лекі. Чамусьці краіна ў цэнтры Еўропы не можа прадаць свайму грамадзяніну вельмі патрэбны нямецкі прэпарат. Гэта краіна вырашыла, што грамадзяніну пойдзе айчынны… Перажыве, маўляў. У грамадзяніна ніхто і пытаць не збіраўся, што яму патрэбна і што падабаецца. І калі за танным ламінатам ён можа спакойна паехаць у Смаленск ці Беласток, то лекі прасцей набыць у РФ (па беларускім рэцэпце). Былі б грошы… Ці ёсць грошы ў хворага чалавека на тыя лекі, якія насамрэч дапамагаюць утрымліваць рэмісію, ніхто не пытае. Тэма нецікавая. А чалавеку трэба і лекі набыць, і аказію ў Маскву знайсці, каб іх прывезці. Знаходзіцца аказія – свет не без добрых людзей, але… Пытанне застаецца.

Чаму мы так любім паразважаць пра праблемы суседзяў і не займаемся сваімі? І… Чаму ж мы так часта, даражэнькія, любім ствараць сабе праблемы там, дзе іх няма? І потым у дзяржаўнай прэсе прыгожа рапартаваць… Лекі даражэць не будуць! Ура! Чаму вы так вырашылі, спадарства? Бо Мі­ніс­тэр­ства ахо­вы зда­роўя “пры­мае ме­ры па не­да­пу­шчэн­ні рос­ту ад­пуск­ных і роз­ніч­ных цэн на ле­кі і ме­ды­цын­скія вы­ра­бы”. Насамрэч? На якой падставе? Бо ўказ кіраўніка дзяржавы маецца на гэты конт. Цудоўна. Верым… Праўда, гэта можа тычыцца выключна айчынных прэпаратаў, што, як вядома, выпадаюць з сусветных законаў рынку: “У вы­пад­ку… за­вы­шэн­ня цэн мі­ніс­тэр­ства бу­дзе пры­маць жорст­кія за­ха­ды, уклю­ча­ю­чы за­крыц­цё ганд­лё­вых аб’­ек­таў…” Вось так.

А што ж з імпартнымі медыцынскімі прэпаратамі? Ба­ры­саў­скі за­вод ме­ды­цын­скіх прэ­па­ра­таў пе­ра­мог у на­мі­на­цыі «Вы­твор­ца ме­ды­цын­скіх прэ­па­ра­таў» прэ­міі спа­жы­вец­ка­га пры­знан­ня «На­род­ная мар­ка». Дзяржаўная прэса бадзёра рапартуе – народ галасуе за сваё… Вас не запыталі? Пэўна, вы не народ. Нейкая няправільная катэгорыя насельніцтва…

Зрэшты, гэта ўсё шэрань за вокнамі. На макраўзроўні ў нас усё цудоўна. Мы ж цывілізаваная (?) краіна ў цэнтры Еўропы? Напэўна… А лекі – гэта дробязі.

Мацнейшыя неадменна выжывуць! Старэча Дарвін меў рацыю… Напэўна.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ