Беларусь і Польшча падпісалі дагавор аб сацыяльным забеспячэнні
Беларусь і Польшча падпісалі дагавор аб сацыяльным забеспячэнні, паведаміла прэс-служба Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Падпісанне адбылося 13 лютага ў Варшаве падчас афіцыйнага візіту ў Польшчу парламенцкай дэлегацыі Беларусі на чале са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаілам Мясніковічам.
З беларускага боку дакумент падпісаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, з польскага — намеснік міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Марцін Зелянецкі.
Дагавор прадугледжвае рэгуляванне пытанняў сацыяльнай абароны грамадзян, якія працуюць (працавалі) і якія пражываюць на тэрыторыях Беларусі і Польшчы.
Прадметам дагавора з’яўляюцца адносіны па выплаце страхавых узносаў, сацыяльныя выплаты (дапамогі па часовай непрацаздольнасці і мацярынстве, беспрацоўі, пенсіі, выплаты па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, дапамогі на пахаванне).
Выплата страхавых узносаў будзе адбывацца ў адпаведнасці з заканадаўствам дзяржавы, на тэрыторыі якой грамадзянін выконвае працу, незалежна ад месца яго пражывання.
Пенсійнае забеспячэнне прадугледжваецца з улікам прынцыпу прапарцыянальнасці: абедзве дзяржавы будуць прызначаць пенсію за стаж, набыты ў адпаведнасці з іх заканадаўствам і на іх тэрыторыі. Пенсія будзе выплачвацца на тэрыторыю дзяржавы пражывання пенсіянера.
Іншыя сацыяльныя выплаты будуць ажыццяўляцца так. Дапамога па беспрацоўі — па законе дзяржавы пражывання; дапамогі па часовай непрацаздольнасці і мацярынстве — па заканадаўстве дзяржавы, на тэрыторыі якой асоба застрахаваная на момант набыцця права на атрыманне такіх дапамог; выплата ў сувязі з няшчасным выпадкам на вытворчасці або прафесійным захворваннем — паводле законаў дзяржавы, якія распаўсюджваліся на асобу на момант няшчаснага выпадку на вытворчасці або выканання работы, якая прывяла да ўзнікнення прафесійнага захворвання; дапамога на пахаванне — паводле законаў дзяржавы, якія распаўсюджваліся на асобу на момант яе смерці.
Дагавор набудзе моц пасля выканання дзяржавамі неабходных унутрыдзяржаўных працэдур. У Беларусі такой працэдурай з’яўляецца прыняцце Закона аб ратыфікацыі дагавора.
Каб забяспечыць рэалізацыю палажэнняў дагавора, бакі вядуць працу па заключэнні адпаведнага міжведамаснага адміністрацыйнага пагаднення, якое рэгулюе працэсуальныя і працэдурныя пытанні ўзаемадзеяння кампетэнтных устаноў Беларусі і Польшчы па прызначэнні і выплаце пенсій і іншых сацыяльных выплат.
Двухбаковыя дагаворы па пытаннях пенсійнага забеспячэння Беларусь заключыла з Эстоніяй, Расеяй, Літвой, Латвіяй, Азербайджанам і Чэхіяй.
belapan.by