Сёлета тэма стасункаў Беларусі і Расеі будзе дамінуючай



У Сочы адбываюцца трохдзённыя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Іх інтэнсіўнасць і працягласць сведчаць, што тэма стасункаў Беларусі і Расеі будзе дамінаваць у 2019 годзе, лічыць палітык, дырэктар цэнтра „Еўрапейскі дыялог” Анатоль Лябедзька. Па яго меркаванні, хоць перамовы вельмі складаныя і адбываюцца ў складаны час, прамой небяспекі для незалежнасці Беларусі няма. Аднак вельмі складаных пытанняў шмат.

Расея і задача мінімум, якую яна будзе рабіць – усё ж павадок, на якім знаходзіцца Лукашэнка ад Крамля, зрабіць яшчэ больш кароткім. Гэта азначае, што яму, як мінімум, не дадуць магчымасці займацца дыверсіфікацыяй знешняй палітыкі, а будуць прывязваць да Масквы, да Крамля. Разам з тым, я ўсё-такі чакаю, што ў Сочы на парадку дня перадусім эканамічныя пытанні. Думаю, Расея ўзмацняе ціск на тое, каб нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы цалкам перайшлі пад расейскі кантроль.

Таксама ў Сочы можа абмяркоўвацца пытанне расейскага рубля як адзінай валюты. „Гэта эканамічная, фінансавая дэфініцыя, але з моцным палітычным падтэкстам”, – кажа Анатоль Лябедзька. Па меркаванні палітыка, Аляксандр Лукашэнка разумее гэтыя выклікі і пагрозы, але разам з тым спрабуе нешта зрабіць, каб ланцужок, які прывязвае яго да Крамля, стаў больш доўгім. 

Беларускае Радыё Рацыя, Менск