БАТЭ перамог лонданскі „Арсенал”!



У першым матчы 1/16-й фіналу Лігі Еўропы барысаўскі БАТЭ сустракаўся з лонданскім „Арсеналам” і перамог – 1:0.

Дэбют сустрэчы быў выразна за гасцямі, але чэмпіёнаў Беларусі ратаваў галкіпер Дзяніс Шчарбіцкі. БАТЭ выразна гуляў другім нумарам, адбіваючыся ад наскокаў брытанскага клуба. Асабліва трывожна было за наш правы фланг. Барысаўцы ў міжсезонне страцілі некалькі прыкметных гульцоў – Максіма Валадзько, Мікалая Сігневіча, Мірка Іваніча. Страта апошняга адчуваецца пакуль выразна.

Тым не менш БАТЭ ўдалося стрымаць атакі „Арсенала”. А ў самым канцы першага тайма грымнуў прыемны гром – гэта Ігар Стасевіч удала падаў у штрафную, а Станіслаў Драгун эфектна галавой закалаціў мяч у браму Петара Чэха.

Пачатак другой паловы зноў быў трывожным, але гаспадары поля ўтрымлівалі сваю перавагу ў ліку. Неўзабаве быў заменены Аляксандр Глеб. БАТЭ стараўся адказваць рэдкімі контратакамі.

На 85-й хвіліне арбітр выдаліў французскага нападніка „Арсенала” Аляксандра Ляказета за тое, што той адмахнуўся локцем у твар барысаўскаму гульцу Філіпавічу.

Канцоўка была досыць нэрвовай. „Кананіры” нават у меншасці вялі пазіцыйныя атакі, але забіць так і не здолелі. У выніку ў значнай ступені сенсацыйная вікторыя чэмпіёна Беларусі. Лёс двубою цяпер вырашыцца ў адказным матчы ў Лондане.

Беларускае Радыё Рацыя

фота Прессбол