У інваліда ўлады забіраюць зямлю



У інваліда 2 групы, які не мае нагі, з вёскі Дзевяткі Кобрыньскага раёна Аляксандра Краўчука мясцовая ўлада адбірае паўгектара зямлі нібыта з прычыны немэтавага карыстання.

Кобрыньскі суд, а затым і Берасцейскі абласны суд падтрымалі рашэнне Кобрыньскага райвыканкама. Прычынай стаў адноўлены дзедаўскі вадаём на атрыманай у пажыццёвае валоданне спадчыне.

У 39-ым годзе ў дзеда саветы адабралі зямлю, вадаём заплыў, зарос хмызняком і асакой. У гэтым месцы зямля была непрыдатнай для пасеваў, гаворыць Аляксандр Краўчук:

– Я вырашыў аднавіць гэты вадаём і вырошчваць лекавыя расліны, каб выкарыстаць гэты ўчастак на 100% і мець ад гэтага нейкі даход. Я ж усё-такі інвалід 2 групы, двое дзяцей, дастатак вельмі малы.

Сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі лічыць, што ўлада яшчэ раз паказала антынародную сутнасць. Не далі інваліду самому паправіць свой дабрабыт і дзяцей гадаваць у нармальных умовах. Відаць, гэта помста за іншыя скаргі, мяркуе праваабаронца:

– Няма закона аб прыватнай уласнасці на зямлю, і адпаведна пры жаданні заўсёды можна знайсці законную базу, каб на чалавека ціснуць законна па нейкім канкрэтным артыкуле за нейкае парушэнне, які нечым не дагодзіць мясцовым уладам.

Аляксандр Краўчук паспрабуе “адбіць” сваю зямлю ў Вярхоўным судзе. Хаця вялікіх спадзёў не мае.

 

Акрамя таго, інвалід, які мае 320 рублёў пенсіі, павінен сплаціць штраф дзяржаве больш 5 тысяч рублёў за вадаём без дазволу, якім нібыта нанёс вялізную экалагічную шкоду навакольнаму асяроддзю.

Увесь рэпартаж слухайце з далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя