Наталля Радзіна: Мы будзем працягваць працаваць



Змяншэнне фінансавання “Хартыі-97” – гэта нож у спіну беларускага народу, – заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Зміцер Бандарэнка. У Варшаве прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная сітуацыі вакол апазіцыйнага сайту.

Галоўная рэдактарка Наталля Радзіна сцвярджае, што польскі Фонд міжнароднай салідарнасці зменшыць фінансаванне на гэты год у пяць разоў. У самой установе запярэчваюць:

– Нам прапанавалі 30 тысяч еўра дапамогі на ўвесь год – гэта тое, што было гарантавана. Сказалі: „Можа быць яшчэ адзін маленькі праект пазней, але мы не даем ніякай гарантыі”. Гэта ўсё, што нам прапанаваў фонд. Я магу сказаць, што мы працуем у Польшчы легальна, у нас тут рэдакцыя. Мы плацім падаткі і за сацыяльнае забеспячэнне нашых супрацоўнікаў. У нас толькі ў год выходзіць на ўсе гэтыя выдаткі каля 50-60 тысячаў еўра. То бок тая сума, якую нам прапанавалі, яна пакрывае толькі палову выдаткаў на падаткі і сацыяльнае забеспячэнне супрацоўнікаў. За гэтыя грошы сайт працаваць не зможа. Канешне мы будзем працягваць працаваць, як цяжка нам не было б. Мы спадзяемся, што гэта нейкая недарэчная памылка і сітуацыя будзе выпраўлена. Мы вельмі ўдзячныя Польшчы за тыя гады, якія мы працавалі ва ўмовах бяспекі. Гэта для нас было вельмі важна – працаваць, калі ты не баішся, што цябе арыштуюць ці заб’юць. Нагадаю, што ў Менску быў забіты наш заснавальнік, рэдакцыі былі адначасова разгромленыя, я сама трапіла ў турму КДБ. Сёння мы не ведаем, што рабіць таму, што мы не можам вярнуцца ў Беларусь, бо там нас чакае турма. Нагадаю, што мяне ўвогуле абвінавачвалі па артыкуле, па якім мне пагражае да 15 гадоў турмы.

Увесь рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

Пры гэтым Наталля Радзіна запэўнівае, што будзе зроблена ўсё магчымае, каб „Хартыя-97” працягнула сваё існаванне.

Фонд міжнароднай салідарнасці, які з большага і фінансуе дзейнасць сайту „Хартыі-97”, чэрпае сродкі з польскага Міністэрства замежных справаў. Інфармацыя аб праблемах Хартыі супала па часе з візітам Міхаіла Мясніковіча ў Польшчу.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава