У Берасці затрыманы праваабаронца Уладзімір Вялічкін (абноўлена)



Пасля мінулай нядзелі, калі ў Берасці значна павялічылася колькасць жадаючых карміць галубоў на галоўнай плошчы горада, праваахоўныя органы гэтым разам пачалі затрымліваць актывістаў напярэдадні.

16 лютага ў 12 гадзін дня быў затрыманы сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзімір Вялічкін, кажа праваабаронца Уладзімір Малей:

Ён быў выкліканы ў міліцэйскі ўчастак па позве. Ён прыйшоў, на яго склалі пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 10 лютага 2019 года.

Вялічкін знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання да суда, які адбудзецца 18 лютага ў 10 гадзін раніцы. Таксама затрыманы і змешчаны да суда ў ізалятар другі актывіст плошчы Віталь Казак.

8 месяцаў цягнецца супрацьстаянне жыхароў Берасця з уладамі. Прычынай гэтага стала будаўніцтва шкоднага свінцовага прадпрыемства “АйПаўэр”. Довады пра тую бяду, якую нясе гэта прадпрыемства для здароўя людзей, да чыноўнікаў не даходзяць. І, як водзіцца, на змаганне са сваім грамадзянамі спушчаны праваахоўныя органы.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

* * * 

У Берасці ў суботу, 16 лютага, міліцыянтамі затрыманы праваабаронца „Вясны” Уладзімір Вялічкін.

Дадому да яго  супрацоўнікі міліцыі прыйшлі яшчэ 15 лютага, але праваабаронцы дома не было. Затым яго па тэлефоне запрасілі наведаць аддзяленне міліцыі ў 15-00 у суботу. 

Ягоная жонка Маргарыта паведаміла, што Вялічкін затрыманы нібыта за ўдзел у мінулай пратэстнай акцыі кармлення галубоў у Берасці. Да суда ён змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Адміністрацыйны суд адбудзецца імаверна ў панядзелак, 18 лютага.

Хутчэй усяго на праваабаронцу складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння па арт.  23.34 КаАП (удзл у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

У сацыяльных сетках паведамляюць таксама пра затрыманне актывіста Віталя Казака.

http://spring96.org/