Па дарозе на Бісхаім



На прадвесні 2019 года мы паехалі ў Шклоў.

Шклоў у гэты падобны на карціну Брэйгеля – ўзгоркі, дрэвы, вузкія пакручастыя вулкі і дамкі з карункавымі ліштвамі.

Мы паехалі на габрэйскія могілкі, дзе захаваўся адзіны Бісхаім – калідор з цэглы, які падзяляе свет жывых і памерлых – 17 стагоддзе.

Слова “Бісхаім” я ведала з дзяцінства.

Мой дзед, беларус, народжаны ў сям’і лесніка пад Асіповічамі час ад часу казаў: “Усё, пара на Бісхаім”.

Я так разумела, што Бісхаім – гэта могілкі.  

У Шклове захаваўся адзіны ў Беларусі – Бісхаім, які уздамаецца на гару.

На гары могілкі.

Каля могілак ў Шклове знішчалі габрэяў.

Праводзіць нас на Бісхаім у Шклове пагадзіўся Алесь Грудзіна – краязнаўца. На скрыжаванні перад дарогай, якая вядзе на могілкі ён папрасіў спыніць машынуі сказаў: “З гэтага месца, вялі на расстрэл”. І распавёў гісторыю пра сям’ю са Шклова, у якой бацька быў беларус, а маці габрэйкай. Бацька ваяваў на фронце, а маці і трох дзяцей пагналі на расстрэл. Дзед у гэтай сям’і з боку бацькі быў правасланым святаром.  Калі нявестку з унукамі пагналі на расстрэл, дзед аблачыўся ў святарскае адзенне з крыжам і пайшоў да афіцэра СД. Ён здолеў пераканаць нямецкага афіцэра, што ў праваслаўнага святара не можа быць нявесткі і ўнукаў габрэяў. Іх вызвалілі на шляху да расстрэльнай ямы.

Я слухала і думала: “Што ж было пасля? Які лёс іх лёс?”

Алесь Грудзін працягваў: “Адзін з гэтых дзяцей і цяпер жыве ў Менску, гэта чадавек ужо сталага ўзросту, ён мастак.  І яшчэ ён спявае”.

  • Як яго прозвішча?
  • Наліваеў.
  • Анатоль Наліваеў? Я ж ведаю яго, ён працаваў у Гасцеўне Галубка на Траецкім. І ў 1991 годзе быў адным з тых, хто афармляў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Менску. Па вечарах, калі ў музеі заставаўся толькі дзяжурны супрацоўнік, Анатоль Наліваеў працаваў і спяваў на розных мовах песн – па-беларуску, па-італьянску, на ідыш. Але гісторыю яго дзяцінства і выратавання ад расстрэлу я не ведала і ніхто з музейных супрацоўнікаў на той час не гаварыў нічога такога.  

Краязнаўца Алесь Грудзіна адказаў:

  • Вось такая гісторыя шклоўскіх яўрэяў. Хоць і бацька яго беларус, але ён не адрокся ад яўрэйства. У савецкі час – гэта мужнасць. Ён пісаў яшчэ і іконы праваслаўныя, яны цяпер знаходзяцца ў царкве вёскі Стараселле Шклоўскага раёну.
Беларускае Радыё РАЦЫЯ