На памяць слонімцам ад Уладзіміра Янушэвіча



Слонімцы развіталіся са сваім земляком фатографам Уладзімірам Янушэвічам. Ва ўзросце 52 гадоў вядомы ва ўсім Слоніме і ў іншых рэгіёнах Беларусі Уладзімір раптоўна пакінуў гэты свет. Але засталіся тысячы яго фотаздымкаў, пачынаючы ад вясковых эцюдаў, помнікаў Слоніма да партрэтаў сваіх землякоў, якія яго шчыра любілі і паважалі.

У Янушэвіча Уладзіміра было шмат планаў і мараў па выданні розных альбомаў, паштовак, буклетаў, прысвечаных роднаму Слоніму. Але планы ўсе ажыццявіць так і не ўдалося. Тым не менш, землякам на памяць ён пакінуў некалькі камплектаў паштовак, прысвечаных Слоніму. Першы камплект паштовак “Слонім” пабачыў свет у 2002 годзе з нагоды 750-годдзя з дня згадкі горада ў Іпацьеўскім летапісе. Выйшла з друку 1000 такіх камплектаў. Два другіх слонімскіх камплекта паштовак розных памераў былі надрукаваны ў 2007 годзе з нагоды 755-годдзя з дня згадкі Слоніма ў Іпацьеўскім летапісе.

Новы цудоўны арыгінальны камплект сувенірных старых і новых паштовак Уладзімір выдаў у 2016 годзе. Гэта была першая частка ягонай задумкі. Сучасны і стары Слонім – на адной паштоўцы. Прадмову да гэтага камплекту паштовак напісаў Сяргей Чыгрын, які нагадаў, што Уладзімір Янушэвіч сустракаўся ў Польшчы з вядомых фатографам даваеннага Слоніма і Палесся 1920-1930-х гадоў Юзафам Шыманчыкам (1909-2003). Гэту сустрэчу Уладзімір запомніў на ўсё сваё кароткае жыццё. Камплект старых і новых паштовак Уладзіміра Янушэвіча прэзентавалі ў Ізраілі падчас дамовы супрацоўнікаў Слонімскага райвыканкама наконт рэстаўрацыі сінагогі ў Слоніме.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя