Нескарыстаная магчымасць



Як цудоўна не чытаць каментары, не прыслухоўвацца да чужога суб’ектыўнага меркавання, а ўзяць у рукі кнігу і па натхненні выбраць, што ты будзеш чытаць у бліжэйшы час.

Ох, гэты пах бібліятэк. Ох, гэтыя жанчыны – работнікі чытальных залаў і абанемента.

Як шкада, што асноўны кантынгент наведвальнікаў – гэта людзі, якія значна старэйшыя за мяне. Сваіх аднагодкаў у бібліятэцы даводзіцца сустракаць вельмі рэдка. Калі і ўдасца, то толькі ў выпадку ўзнікнення неабходнасці напісаць канспект, якога папросту няма ў інтэрнэце. Як шкада, што гэты візіт у бібліятэку – змушаны.

Прыемна назіраць, калі чытач просіць бібліятэкара прынесці кнігу з фондаў, і ёсць менавіта той, хто захоча яе ўзяць! У бібліятэцы можна знайсці такія рэдкія кнігі, якія выдадзеныя мінімальнымі тыражамі. Як крута быць адным з нямногіх, хто прачытаў кнігу, якой у гэтым свеце – адзінкі.

У мяне ёсць знаёмы чалавек, які працуе ў пункце прыёму макулатуры. Гэта чалавек, які цікавіцца літаратурай, надае ёй вялікае значэнне і вельмі шмат чытае. Праз яго рукі праходзіць шмат рознага матэрыялу. Ён распавядаў пра тое, што асноўная маса прыманай ім паперы – гэта кнігі. Значыцца, у людзей няма патрэбы мець іх у сябе дома. Дурныя людзі пазбаўляюцца ад мудрасці і ад слоўнікавага запасу, не кажучы пра задавальненне самога чытання, у абмен на мінімальныя грошы, не разумеючы праўдзівай каштоўнасці таго, што яны выкінулі.

На шчасце, дзякуючы таму, што гэты мужчына – тонкі знаток кніг, ён па сваёй ініцыятыве аддае большую частку кніг бібліятэкам горада, за што работнікі бібліятэк яму вельмі ўдзячныя.

Я лічу, што кніга – самая прыемная крыніца ведаў, і калі кожнаму з нас дадзена магчымасць стаць больш адукаваным і разумнейшым, чаму б яе не выкарыстаць?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ