Рада БНР заклікае падтрымаць “Хартыю-97”
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае сваю падтрымку і салідарнасць з “Хартыяй’97” у сувязі з пагрозай спынення фінансавання гэтага СМІ.
“Хартыя’97” – адно з самых старых і найбольш папулярных незалежных беларускіх інтэрнэт-выданняў. На працягу ўжо больш як 20 гадоў “Хартыя’97” паслядоўна і непахісна абараняе каштоўнасці свабоды, дэмакратыі і незалежнасці Беларусі.
Журналісты і рэдактары “Хартыі’97” неаднаразова былі аб’ектам палітычных рэпрэсіяў з боку ўладаў Рэспублікі Беларусь. Заснавальнік і рэдактар Алег Бябенін быў забіты пры дагэтуль не высветленых абставінах напярэдадні сумнавядомых прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.
Рада БНР заклікае польскую дзяржаву ў поўным аб’ёме працягнуць фінансаванне “Хартыі’97” і іншых беларускіх незалежных СМІ, якія ў цяперашні час граюць надзвычайна важную ролю ў справе дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі.
Рада БНР заклікае беларускую грамаду ў Польшчы звярнуцца да польскіх уладаў і патлумачыць важнасць “Хартыі’97” і падтрымкі гэтага выдання.
Рада БНР заклікае беларусаў ва ўсім свеце аказаць матэрыяльную і маральную падтрымку “Хартыі’97”.