Уладзімір Мацкевіч: Проста не ўдзельнічайце ў махлярстве



Навошта ўдзельнічаць ва ўсеагульным махлярстве? Беларускі філосаф Уладзімір Мацкевіч звяртаецца да апазіцыйных палітыкаў, якія актыўна заяўляюць пра сваё жаданне ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, якія павінны адбыцца не пазней за жнівень 2020 года.

У Беларусі ўжо фактычна пачалася палітычная кампанія, пра падрыхтоўку да выбараў заяўляе Аляксандр Лукашэнка і таксама апазіцыйныя палітыкі выказваюць сваё жаданне пазмагацца за першую пасаду ў краіне.

Уладзімір Мацкевіч: Вы, прабачце, мяне падлавілі на размову, а я абяцаў – не выступаць у сродках масавай інфармацыі на гэтую тэму. Гэта – падман, махлярства і кожны, што ўдзельнічае у гэтых выбарах – махляр ці дапамагаты махлярам, – пачынае размову у эфіры Беларускага Радыё Рацыя Уладзімір Мацкевіч.

РР: І гэта атрымліваецца Вы выступаеце за байкот выбараў?

Уладзімір Мацкевіч: Не! Я шмат разоў казаў, што байкот – гэта арганізаваны зрыў выбараў. У дадзеным выпадку, ні ў каго з нам, ні ў якай палітычнай сілы, ні ў якога палітычнага ці грамадскага дзеяча – няма ні сілаў ні сродкаў, каб арганізаваць байкот. Пра байкот і размоваў быць не можа.

Яго арганізаваць яшчэ цяжэй, чым паўдзельнічаць у гэтых махлярскіх выбарах і атрымаць сваіх 2,5 альбо 10 адсоткаў галасоў, якія намалюе Ярмошына. Ніякага байкота быць не можа, для гэтага трэба мець сілу і заарганізаваць 50% выбаршчыкаў. А хто такое можа зрабіць? Толькі Лукашэнка. Ён ужо аднойчы ў гісторыі Беларусі рабіў байкот выбараў – гэта у другім туры 95 года. Я не кажу пра байкот, я кажу: проста не ўдзельнічайце ў махлярстве.

РР: Ваша пазіцыя: «не удзельнічаць у махлярстве». Але, калі выбары будуць і што… калі не ўдзельнічаць, то Аляксандр Лукашэнка выйграе. І нават перад Захадам гэта усё будзе выглядаць легітымна. Якое Вы прапаноўваеце выйсце? Які падыход?

Уладзімір Мацкевіч: Як у той рэкламе кажуць, «калі няма розніцы, то навошта плаціць болей». І тут таксама: калі Лукашэнка і так застанецца дыктарам і прэзідэнтам, то навошта дапамагаць яму? Навошта заклікаць хадзіць на выбары, якія і так будуць сфальсіфікаваныя. Вы, удзельнікі махлярства тады, вось што я кажу. Я не звяртаюся зараз да выбаршчыкаў, да электарату, бо ў мяне няма такой магчымасці. Самі глядзіце, зараз мы гаворым (у эфіры – Беларускае радыё рацыя) і колькі нас слухаюць, колькі нас прачытаюць на Радыё Рацыя? Гэта дробязь, невялічкая лічба ад ўсяго грамадства. Гэта ніяк не паўплывае на статыстыку і на паводзіны людзей.

Я звяртаюся да тых людзей, якія свядома вылучаюцца кандыдатамі, яны будуць агітаваць, каб беларусы ішлі на выбары. Вось для іх я і кажу: Вы – махляры. А на выбаршчыкаў сёння мы не маем магчымасці паўплываць. Нашыя магчымасці, сродкаў масавай інфармацыі, мае і вашыя асабістыя, – вельмі-вельмі малыя. І зараз наша задача набіраць гэтыя магчымасці, рэсурсы, магутнасці, каб мы маглі гаварыць з людзьмі. Як гэта рабіць? Ці могуць махляры, якія саўдзельнічаюць у гэтых махлярстве быць хоць колькі ўплывовымі і дзейснымі ў гэтай палітычнай сітуацыі. Ну як можна верыць напрыклад, Караткевіч ці Дзмітрыеваму. Як можна верыць Статкевічу, які абяцае вывесці на вуліцы мільёны, а слухаюць яго некалькі сотняў людзей, нават тысячы не будзе. Ну дык навошта такія рэчы казаць?

РР: Вы не верыце ў стратэгію маленькіх крокаў, калі пакрысе па-ціхоньку можна выбаршчыкаў адваёўваць?

Уладзімір Мацкевіч: Якраз я веру ў стратэгію невялікіх крокаў, але ж трэба збіраць вакол сябе, кансалідавацца. Збіраць людзе, якія яшчэ не згубілі гонар і годнасць, якія яшчэ заклапочаныя краінаю, якія яшчэ вераць у свае грамадзянскія магчымасці. Збіраць, а не расцярушваць, не падрываць давер адзін да аднаго, бо калі вы схлусіце, вам наступным разам ніхто не паверыць.

РР: Правацэнтрысты, напрыклад, будуць ладзіць праймерыз. Я так разумею, Вы таксама ў гэта вы не верыцце. Яны якраз кажуць, што гэта ім дапаможа скансалідаваць грамадства.

Уладзімір Мацкевіч: Канешне не веру, гэта яшчэ адна з махлярскіх функцыяў. Рабіць выгляд, што ў гэтых умовах яны пад выбары нешта там рыхтуюць. Адзінага кандыдата не будзе? НЕ будзе. Дык навошта рабіць праймерыз, калі вы ўсё роўна не зможыце гэтага зрабіць?

РР: А можа акурат зробяць? Можа заарганізуюць грамадства?

Уладзімір Мацкевіч: Я гляджу на тое, як яны робяць. Як размаўляюць адзін з адным, дзе вы бачылі, каб у праймерыз удзельнічалі ўсе апазіцыйныя структуры? З 10ці магчымых кандыдатаў толькі некалькі сабраліся праводзіць праймерыз, а астатнія іх пракідваюць. Ну дык тады навошта вы робіце тое, што трэба рабіць усім – адна кучка зрабіць не зможа. Так і тут. Альбо апазіцыя выступае адзіным фронтам і тады ніякіх партый, ніякіх партыйных абмежаванняў – толькі антылукашэнкаўскі фронт, адзіны фронт, які на штосьці здольны. А калі яго няма – усе гэта гульні, махлярскія гульні, у тым ліку і праймерыз.

РР: Ваша пазіцыя – гэта адзіны кандыдат?

Уладзімір Мацкевіч: Не толькі адзіны кандыдат. Я кажу пра адзіны фронт – антылукашэнкаўскі. Уключаючы усіх, хто не задаволены Лукашэнкам, хто зараз супраць яго. І ў першую чаргу гэта не палітыкі. Бо палітыкі, які хлусяць людзям пра тое, што толькі ўдзел у выбарах і змаганне за уладу – гэта і ёсць палітыка – не здольныя. Палітыка зараз – гэта аб“яднанне ўсіх, хто расчараваўся ў Лукашэнку ці ўвогуле займае пазіцыю супраць гэтага рэжыму. Такіх людзей сёння мільёны, такіх людзей ужо па маіх падліках (мы праводзім даследаванні, збіраем аналітыку) ужо большасць. І вось усе мы павінны аб“яднацца. Не за нейкія выбары, не за нейкіх кандыдатаў, а толькі антылукашэнкаўскі фронт, адзіны. Не азіраючыся на тое, нацыяналісты мы ці лібералы ці яшчэ хтосьці.

Не трэба прыпісваць мне розныя міфы пра байкот, – напрыканцы падкрэслівае Уладзімір Мацкевіч. – Я разумею, што такое байкот і колькі ён каштуе і што трэба зрабіць, каб яго арганізаваць. Я проста нават ўявіць сабе не магу, хто сёння без адзінага антылукашэнкаўскага фронту мог бы такі байкот зладзіць. Таму мары і летуценства пакіньце для шаманаў. Трэба рабіць рэальныя рэчы.

А дата выбараў у Беларусі дагэтуль не абвешчаная. Вядома толькі, што паводле заканадаўства прэзідэнцкія выбары ў Беларусі мусяць адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 году, а выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — не пазней за 6 верасня 2020 году.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя