У судзе над Золатавай дапытаныя ўсе заяўленыя сведкі



У судзе па справе галоўнага рэдактара сеткавага выдання tut.by Марыны Золатавай, абвінавачанай у бяздзейнасці службовай асобы (ч. 2 арт. 425 КК), 18 лютага вывучаныя ўсе тамы матэрыялаў справы. Акрамя таго, на пяты дзень судовага разбору дапытаныя ўсе раней заяўленыя сведкі.

Справу разглядае суддзя суда Заводскага раёна Менска Аляксандр Петраш. Працэс пачаўся 12 лютага ў будынку суда Маскоўскага раёна сталіцы з больш прасторнымі памяшканнямі. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы пракурор аддзела Генпракуратуры Юлія Харчэйкіна. Золатаву абараняе адвакат Марына Вараб’ёва. У працэсе таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі грамадзянскіх істцоў — РУП „БелТА” і выдавецкага дома „Беларусь сегодня”.

Як сцвярджае абвінавачанне, з пачатку 2017-га да сярэдзіны 2018 года Золатава, з’яўляючыся службовай асобай, не прыняла мер рэагавання, ведаючы пра тое, што яе падначаленыя па чужых лагінах і паролях неправамерна заходзяць у сістэму з платным кантэнтам дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Тым самым яна „дапускала злачынства” паводле ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі). Золатава сваёй віны не прызнала і адмовілася даваць паказанні раней, чым будуць дапытаныя сведкі па справе.

На пасяджэнні 18 лютага дзяржабвінаваўца зачытала шматлікія пратаколы агляду розных дакументаў, камп’ютарнай тэхнікі і мабільных прылад, канфіскаваных летась падчас вобыскаў у рэдакцыі і па месцы жыхарства супрацоўнікаў tut.by, якія раней абвінавачваліся ў несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі (ч. 2 арт. 349 КК), а цяпер выступаюць сведкамі па крымінальнай справе ў дачыненні да Золатавай.

Згодна з экспертызамі, на некаторых канфіскаваных цвёрдых дысках сярод іншага была інфармацыя, якая сведчыць пра наведванне платнай вобласці сайта БелТА, аўтарызацыі ў ёй і праглядзе кантэнту, прызначанага для падпісчыкаў. Шэраг канфіскаваных носьбітаў інфармацыі ўтрымлівалі файлы з лагінамі і паролямі доступу да платных матэрыялаў БелТА, а таксама іншую інфармацыю, якая зацікавіла следства.

На некаторых цвёрдых дысках і мабільных прыладах была выяўленая перапіска ў месенджарах Skype, Telegram і Viber, якая дэталёва будзе даследаваная ў закрытым рэжыме ў другой палове дня 18 лютага.

Золатава звярнула ўвагу, што следчыя атрымалі доступ да ўліковага запісу супрацоўніка tut.by Дзмітрыя Бобрыка ў месенджары Telegram. Праз яго уліковы запіс яны знаёміліся з унутрырэдакцыйнай перапіскай аж да верасня 2018 года, што вынікае з матэрыялаў справы.

Дзяржабвінаваўца таксама пералічыла шэраг дакументаў, якія ўвайшлі ў матэрыялы справы, у прыватнасці загады аб прыняцці на працу, камандзіраванні, зацвярджэнні адпачынкаў, розныя службовыя інструкцыі, асабістыя справы супрацоўнікаў, у тым ліку абвінавачанай і сведак.

Пасля прэзентавання пісьмовых матэрыялаў дзяржабвінаваўца паказала суду рэчавыя доказы па справе — канфіскаваныя падчас вобыскаў у рэдакцыі, па месцы жыхарства абвінавачанай і іншых супрацоўнікаў tut.by дакументы, назапашвальнікі інфармацыі, ноўтбукі і мабільныя прылады.

З 7 па 9 жніўня 2018 года ў рэдакцыях інфармацыйнага партала tut.by, інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобыскі. Акрамя Марыны Золатавай былі затрыманыя супрацоўнікі tut.by Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова і галоўны рэдактар кампаніі Ірына Леўшына, а таксама ўласны карэспандэнт „Нямецкай хвалі” Паўлюк Быкоўскі і рэдактар сайта газеты „Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання.

Золатава — адзіная з 15 фігурантаў „справы БелТА”, каго давялі да суда. Усе астатнія фігуранты, абвінавачаныя ў несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі, былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай згодна з арт. 86 КК. Акрамя штрафаў у 30 базавых велічынь (735 рублёў, базавая велічыня на той момант складала 24,5 рубля) яны кампенсавалі выстаўленую шкоду, сумы якой вар’яваліся ад 3 тыс. да 17 тыс. рублёў.

belapan.by