Еўракамісар Этынгер: ЕЗ і Беларусь дасягнулі значнага прагрэсу ў дачыненнях



Еўрапейскі звяз і Беларусь дасягнулі значнага прагрэсу ў рэалізацыі шэрагу ініцыятыў у двухбаковых адносінах, заявіў еўракамісар па бюджэце і чалавечых рэсурсах Гюнтэр Этынгер па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 18 лютага ў Менску.

На сустрэчах з Лукашэнкам, прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам, міністрам фінансаў Максімам Ермаловічам і намеснікам міністра замежных спраў Алегам Краўчанкам Этынгер абмеркаваў стан двухбаковых дачыненняў. Камісар вітаў актыўны ўдзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве, якое адзначае сёлета дзесяцігоддзе, паведамляе прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Менску.

Еўракамісар абмеркаваў магчымасць правядзення ў беларускай сталіцы мерапрыемства высокага ўзроўню з нагоды юбілею Усходняга партнёрства.

„Я вітаю адкрыты і канструктыўны дыялог, які адбыўся ў нас сёння з прэзідэнтам Лукашэнкам і шэрагам прадстаўнікоў ягонага ўрада. За апошнія тры гады Еўрапейскі звяз і Беларусь дасягнулі значнага прагрэсу ў рэалізацыі шэрагу ініцыятыў у двухбаковых адносінах. Гэта павінна дапамагчы нам у далейшым умацаванні супрацы паміж Беларуссю і ЕЗ у бліжэйшай будучыні; пагадненне аб нашых прыярытэтах партнёрства стала б важнай вяхой на гэтым шляху”, — падкрэсліў Этынгер.

Прадстаўнік Еўракамісіі падкрэсліў, што ЕЗ з’яўляецца найбуйнейшым донарам фінансавай дапамогі Беларусі і актывізаваў фінансавую супрацу, каб дасягнуць канкрэтных зменаў на карысць грамадзян.

На сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі і ўдзельнікамі праекта прафесійных абменаў MOST еўракамісар падкрэсліў ролю актыўнай грамадзянскай супольнасці ў забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага дабрабыту краіны.

Этынгер паведаміў вузкаму колу журналістаў, што Еўразвяз гатовы павялічыць фінансаванне праектаў у Беларусі. Фрагмент інтэрв’ю быў паказаны ў эфіры навін тэлеканала „Беларусь 1”. Паводле слоў еўракамісара, бакі вырашылі стварыць рабочую групу, у склад якой увойдуць эксперты ад Беларусі і Еўракамісіі, каб абмеркаваць канкрэтныя напрамкі супрацы і сферы для рэалізацыі будучых сумесных праектаў, у тым ліку трансгранічнай транспартнай інфраструктуры.

Еўракамісар таксама падкрэсліў намаганні Беларусі па забеспячэнні бяспекі ў рэгіёне.

БелаПАН

Фота azertag.az