У Гайнаўцы пройдзе акцыя па ўшанаванні ахвяр “крывавага рэйду” Бурага



“Вечная памяць” – пад такім лозунгам у бліжэйшую суботу,  23 лютага, пройдзе ў Гайнаўцы грамадская акцыя па ўшанаванні ахвяр атрада польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса (Бурага).

“Нашая акцыя не накіравана супраць каго-небудзь. Гэта акцыя ў памяць пра бязвінна закатаваных у лесе ля Пухалаў Старых, спаленых і застрэленых падчас пацыфікацыі вёсак Залешаны,  Вулька Выганоўская, Зане і Шпакі,” – кажа суарганізатар акцыі Эва Мароз-Кэчыньская.

– Мы як простыя, звычайныя людзі, як тыя забітыя Бурым, маем літургію, а пасля паніхіду ў царкве на вуліцы Рэя. Пасля зробім выставу і будзем стаяць з ёй. Выстава пра “крывавы рэйд” Бурага па вёсках у нас тут, на Падляшшы. А 12-ай гадзіне будзем зачытваць прозвішчы людзей, якія былі забітыя, і на кожнае прозвішча будзе адна сімвалічная свечка.

23 лютага “Narodowa Hajnówka” разам з крайне правымі сіламі ладзяць ужо 4-ты марш памяці выклятых жаўнераў у Гайнаўцы. Антыфашыстоўская Гайнаўка ладзіць у 12 гадзін альтэрнатыўны марш у памяць ахвяраў Бурага.

“Пакажам іх сем’ям, што не толькі для іх Буры не з’яўляецца героем, а звычайным бандытам”, – пішуць у фэйсбуку арганізатары.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя