У Беларусі могуць перагледзець механізмы дзяржпадтрымкі сем’яў з дзецьмі



19 лютага Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду, прысвечаную павелічэнню нараджальнасці ў Беларусі. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў нашай краіне прымаюцца выключныя меры для падтрымкі сем’яў з дзецьмі (аплочваемы адпачынак па доглядзе за дзіцём да трох гадоў, праграма сямейнага капіталу і льготнае крэдытаванне для шматдзетных сем’яў). І іх трэба ўзмацняць. Толькі такім чынам можна вырашыць праблему зніжэння колькасці насельніцтва, адзначыў Лукашэнка.

„Наша задача — у бліжэйшыя гады распрацаваць і рэалізаваць дзейсныя меры, накіраваныя на павелічэнне нараджальнасці насельніцтва Беларусі, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі „Беларусь сегодня”. — Важна надаць увагу фармаванню ў грамадстве пазітыўнага і паважлівага стаўлення да мацярынства і сямейных каштоўнасцяў”.

Беларускі кіраўнік падкрэсліў на нарадзе, што дэмаграфічная сітуацыя — гэта пытанне нацыянальнай бяспекі і стабільнасці дзяржавы. Ён не выключае, што механізмы дзяржаўнай падтрымкі сем’яў з дзецьмі могуць быць перагледжаны.

„Нам трэба разабрацца ў сістэме падтрымкі і тых відах гэтай падтрымкі сем’яў з дзецьмі, якія сёння існуюць, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — І паглядзець: можа, дзесьці гэтую падтрымку трэба нам узмацніць, а дзесьці нейкую дробяць, якая не працуе, увогуле прыбраць. Усё роўна чалавек у выніку атрымае больш”.

На нарадзе ад Лукашэнкі дасталося чыноўнікам. „Мы пакуль вельмі многа гаворым пра здаровы лад жыцця, пстрыкаем абцасамі, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы „Беларусь сегодня”. — Але я яшчэ раз папярэджваю ўсіх чыноўнікаў: хоць адно невыкананае маё даручэнне — адразу збірайцеся і сыходзьце!”.

sb.by