Гародня: нацыянальная дыктоўка да Дня роднай мовы



21 лютага а 18-й гадзіне ў Цэнтры гарадскога жыцця да Дня роднай мовы адбудзецца нацыянальная дыктоўка.

Пра адметнасць сёлетняй дыктоўкі распавядае адзін з яе арганізатараў – кіраўнік абласной рады ТБМ Вітаўт Парфёненка:

– Сёлета ў Міжнародны дзень роднай мовы мы праводзім 12-ю Агульнанацыянальную дыктоўку. У якасці тэксту выбрана эсэ Уладзіміра Арлова “Незалежнасць – гэта…”. Чытаць яе будзе сябра ТБМ, краязнаўца, педагог Іван Буднік.

На думку Вітаўта Парфёненкі, прадстаўнікі ТБМ больш шырока падышлі да адзначэння Дня роднай мовы:

– Сёлета ТБМ больш шырока паглядзела на гэты дзень і далучыла да святкавання нашу моладзь. Так нам удалося правесці дзве экскурсіі з сем’ямі тых дзяцей, якія выхоўваюцца па-беларуску ў дзіцячых садках. У  Музеі Максіма Багдановіча правялі для гэтых дзетак з дапамогаю супрацоўнікаў музею адмысловую экскурсію, якая называецца “Максімаў дамок у Гародні”.

Пасля дыктоўкі чакаецца выступ Зміцера Вайцюшкевіча, а таксама шыкоўныя падзякі атрымаюць бацькі, чые дзеці ў Гародні навучаюцца па-беларуску ў дзіцячых садках і школках горада.  

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня