Што каму баліць



21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы… Толькі і размоваў у беларускім сеціве, што пра мову родную!

Што каму баліць, той пра гэта і кажа. Было б здорава перанесці моўнае пытанне са сферы абароны ў сферу актыўнага ўжывання. Усе мы ведаем, што цягліцы трэніраваць трэба, каб былі ў тонусе… Але што маем, тое маем – гаворым пра мову! Пішам вершы. Рыхтуем імпрэзы. Пакутуем па мове… Бадай, сімвалічна для беларусаў, што напярэдадні Дня роднай мовы адзначаецца Сусветны дзень сацыяльнай справядлівасці! Паспрабуем зірнуць на жыццё беларусаў менавіта ў фокусе сацыяльнай справядлівасці, а потым і да мовы пяройдзем.

Такім чынам, пару словаў пра справядлівасць… Кожны з нас разумее праўду жыцця па-свойму. Вось мае знаёмы (сябра, сусед, калега…) пэўныя даброты, а я не маю. Несправядліва. Ходзіш і думаеш пра жорсткі лёс, а тут ён табе шанец падкідае сітуацыю выправіць і атрымаць жаданае. Гэта можа праявіцца ў выглядзе нечакана атрыманай з-за мяжы “спадчыны” або прапановы рукі і сэрца ад сапраўднага “палкоўніка” (бізнесоўца, прынца, бандыта…). Не новая гісторыя. Шмат жадаючых трапілі ў пастку сваіх ілюзій і – адначасова! – у хроніку крымінальную.  

У Беларусі з’явілася новая форма “разводу” на грошы. У той самы момант, калі вы сумуеце на нелюбімай працы за мізэрныя грошы (вядомая беларуская традыцыя!), тэлефануе вам хтосьці і цудоўна пастаўленым голасам паведамляе: “Спадар шаноўны, вы швейцарскі гадзіннік выйгралі!” Называе марку гадзінніка. Драбяза застаецца – набыць у іх яшчэ штосьці моднае-брэндавае-фірмовае. У такім выпадку гадзіннік будзе ваш – 100%! Віншуем! І што далей?

Зразумець урэшце, што гадзіннік суседу (сябру, знаёмаму, калегу…) патрэбны больш… І раз няма яго ў вас, то і не трэба. Не паддавайцеся на правакацыю – і будзе вам шчасце ў Дзень роднай мовы або трохі пазней. Бо сацыяльная справядлівасць – занадта пафасная рэч. Ілюзорная! Варушыцеся – нешта будзе. Працуйце цягліцамі. Пажадана не забываць пра маўленчы апарат. Помнім пра мову!  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ