ФМС абвяргае факт скарачэння фінансавання “Хартыі’97”
Фонд міжнароднай салідарнасці не прымаў рашэння адносна фінансавання «Хартыі-97» у 2019 годзе, а тым больш адносна сумы фінансавання і не паведамляў пра якія-небудзь рашэнні кіраўніцтву партала.
Наадварот, ФМС заявіў пра сваю гатоўнасць аказваць далейшую падтрымку парталу і паспрабаваў пачаць дыялог з „Хартыяй-97” пра магчымыя формы і прынцыпы супрацы ў гэтым годзе ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і наяўнымі сродкамі. Як раней заяўляла галоўная рэдактарка сайта Наталля Радзіна, скарачэнне фінансаваня ў 5 разоў фактычна азначае знішчэнне інфармацыйнага рэсураса:
– Мы ўдзячныя Польшчы за гэтыя сем гадоў працы тут, калі мы працавалі не баючыся пагроз, расправаў, забойстваў і арыштаў. Але зараз спыненне падтрымкі сайта – гэта проста злачынства з улікам таго, у якой сітуацыі зараз знаходзіцца Беларусь. З улікам і пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека, расейскай агрэсіі і засілля расейскай прапаганды.
Як у сваю чаргу заяўляюць у Фондзе міжнароднай салідарнасці, інфармацыя пра памеры магчымага фінансавання „Хартыі-97” у 2019 годзе, распаўсюджаная Наталляй Радзінай, з’яўляецца няслушнай. Пры гэтым адзначаецца, што канчатковы аб’ём падтрымкі залежыць ад формы праекта, магчымасцяў фонда і гатоўнасці супрацоўнічаць з „Хартыяй”. Пакуль жа Наталля Радзіна звяртаецца да чытачоў інфармацыйнага рэсурса з просьбай падтрымаць працу сайта:
– Мы заклікаем нашых чытачоў дапамагчы сайту фінансава. На сайце размешчаны ўсе рэквізіты. Апошніх некалькі месяцаў мы якраз і змаглі працаваць, дзякуючы падтрымцы нашых чытачоў. Я заклікаю грамадскую супольнасць, журналістаў да салідарнасці, бо ў такой сітуацыі мы мусім падтрымліваць адзін аднаго дзеля нашай і вашай свабоды.
Пра намер пералічыць у падтрымку “Хартыі’97” палову сваёй вайсковай пенсіі раней заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя