Актывістаў і незалежных журналістаў не пусцілі на прэс-канферэнцыю ў Берасці



Каля 15-ці прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы, якая выступае супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем, сабраліся ля прахадной прадпрыемства ААТ „АйПаўэр”. Увагу актывістаў прыцягнула прэс-канферэнцыя для прадстаўнікоў некаторых СМІ, праз якіх яны хацелі задаць надзённыя пытанні кіраўніцтву завода.

Падрабязней кажа адзін з прысутных Дзмітрый Бекалюк:

– Пытанні тэхнічнага характару. Якая праца была выканана, адносна маркі фільтраў. Паглядзець на сістэму па ачыстцы вады, на фільтры і сістэму ўлоўлівання сернай кіслаты на ўсіх этапах выкарыстання сернай кіслаты. Па праекту фільтры не былі ўлічаны. А яны сказалі, што ўлічылі.

„Не ўсіх журналістаў пускаем на прэс-канферэнцыю, а толькі тых хто пазначаны ў спісе”, – зазначыў чалавек, які не прадставіўся, аднак знаходзіўся на прахадной завода і выбарачна прапускаў людзей. Актывісты таксама паспрабавалі трапіць на мерапрыемства, на што ім было адмоўлена. Пытанні да кіраўніцтва, выкладзеныя на паперу, яны перадалі праз некаторых прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ, якім усё ж удалося прайсці на прэс-канферэнцыю.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасцейскі раён.