Марш „выклятых жаўнераў” адбудзецца – суд адхіліў забарону бургамістра



Забарона на марш у Гайнаўцы адменена. Апеляцыйны суд у Беластоку адхіліў сёння скаргу Ежы Сірака на пастанову суда першай інстанцыі, які таксама адхіліў забарону.

Гэта канчатковае рашэнне, такім чынам няма фармальных перашкодаў, каб запланаваны на 23 лютага чацвёрты ўжо Марш „выклятых жаўнераў” прайшоў праз Гайнаўку. Марш, які ладзяць скрайне правыя і шавіністычныя сілы, выклікае абурэнне ў Гайнаўцы, паколькі ўсхваляе Рамуальда Райса „Бурага” , адказнага за пацыфікацыі беларускіх вёсак на Беласточчыне і забойствы 80 цывільных жыхароў ў тым ліку жанчынаў і дзяцей.

Рашэнне аб забароне маршу бургамістр Гайнаўкі Ежы Сірак матываваў тым, што ў час мінулагодняга маршу яго ўдзельнікі прапагандавалі расісцкія сімвалы і выкрыквалі лозунгі “Буры наш герой”.

У мінулы панядзелак акруговы суд прызнаў, што забарона парушала б закон аб грамадскіх сходах. У пастанаўленні суда чытаем, што “ забарона на такі сход  магчыма толькі ў выпадку непасрэднай пагрозы грамадскаму парадку.» Суд  спаслаўся на рашэнне Канстытуцыйнага суда ад 2004 года, што свабода сходаў таксама абараняе такія дэманстрацыі, якія «раздражняюць  або абражаюць  людзей, якія выступаюць супраць ідэям або лозунгам, якія распаўсюджваюцца канкрэтнай дэманстрацыяй.»

Беларускае Радыё Рацыя