Марш у Гайнаўцы – адназначная правакацыя
“Гэта адназначна правакацыя”, – так чарговы марш у Гайнаўцы, арганізаваны шавіністычнымі асяроддзямі, каментуе намеснік старшыні рады горада Бельск Падляшскі Тамаш Суліма. На яго думку, такія маршы не павінны адбывацца з увагі на тое, што падчас іх ушаноўваюць Рамуальда Райса “Бурага”, адказнага за пацыфікацыю беларускіх вёсак на Падляшшы ў 1946 годзе. Тамаш Суліма лічыць, што асоба “Бурага” – зусім не спрэчная:
– Для нас, падляшскіх беларусаў, гэта зусім не спрэчная постаць. Гэта постаць толькі аднаго вымярэння: гэта бандыт і злачынца. Гэта чалавек, які давёў да катавання і смерці дзясяткі простых людзей пасля вайны толькі таму, што яны былі праваслаўнымі беларусамі.
У інтэрв’ю для нашага радыё Тамаш Суліма распавёў, што абвесткі пра марш з выявай Рамуальда Райса “Бурага” з’явіліся таксама ў Бельску Падляшскім:
– Такія абвесткі вісяць не толькі ў Гайнаўцы, але і ў Бельску. Каб было цікавей, яны ўжо віселі ў нядзелю, каб іх пабачылі вернікі, якія будуць ісці на богаслужэнне ў Прачысцінскую царкву ў Бельску. Гэта скандал, проста скандал.
Тамаш Суліма лічыць, што каб падобныя маршы не адбываліся, трэба ўнесці змены ў заканадаўства. Таксама ён не выключае, што пэўныя карысці могуць прынесці размовы на высокім узроўні паміж Беларуссю і Польшчай, напрыклад, на ўзроўні прэм’ер-міністраў.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: wyborcza.pl