Знойдзеныя астанкі больш як 600 расстраляных вязняў Берасцейскага гета



У Берасці працягваюцца раскопкі на месцы выяўленага пахавання вязняў гета.

Як паведаміла старшы інспектар аддзела культуры гарвыканкама Ала Кондак, першыя астанкі вязняў гета былі знойдзеныя 17 студзеня на будаўнічай пляцоўцы ў раёне вуліцы Куйбышава. Будаўнічыя работы прыпынілі. На запыт гарвыканкама ў Берасце прыбылі байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны.

Паводле слоў Кондак, у кнізе „Памяць” ёсць успаміны сясцёр Кац, якія з 15 кастрычніка 1942 года хаваліся на гарышчы будынка непадалёк ад гэтага месца. Сёстры расказалі, што кожны дзень на працягу месяца і пяці дзён фашысты зганялі сюды яўрэяў і расстрэльвалі.

„Пошукавыя работы на месцы выяўлення астанкаў, дзе ў гады фашысцкай акупацыі знаходзілася Берасцейскае гета, вядуцца з 24 студзеня. Згодна са звесткамі на 20 лютага, знойдзеныя астаткі больш як 600 вязняў гета. Пошукавыя работы працягваюцца. Пасля іх завяршэння астанкі перапахаваюць на берасцейскіх Паўночных могілках”, — сказала прадстаўнік гарвыканкама.

Яна адзначыла, што 16 кастрычніка 1942 года амаль усе вязні Берасцейскага гета былі вывезеныя фашыстамі ва ўрочышча Бронная Гара ў Бярозаўскім раёне і расстраляныя. Вязняў, якія схаваліся, акупанты вылоўлівалі і расстрэльвалі на працягу месяца ў Берасці. Усяго быў забіты 16.941 чалавек.

belapan.by

Фота rossaprimavera.ru