У Беластоку напісалі беларускую дыктоўку



Дыктоўку пісалі вучні і госці з Беластока ды Берасця.

У комплексе школ імя св. Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку адзначылі Дзень роднай мовы – пісалі беларускую дыктоўку. Сёлетнія тэксты прысвечаныя памяці архімандрыта Гаўрыіла са скіта св. Антонія і Феадосія Пячэрскіх у Адрынках на Беласточчыне, які 22 лістапада пайшоў з жыцця.

Дзень роднай мовы, гэта не толькі дыктоўка, але таксама выступы дзіцячых калектываў, сустрэчы і падарункі, кажа арганізатарка свята, настаўніца беларускай мовы Яаана Марко:

– Гэтым я хачу ім усвядоміць, што іх родная мова беларуская або дыялектная. Так размаўляюць іх бабулі, у іх у хаце вельмі часта іх сям’я. Маю надзею, што так застанецца.

Пісалі ды выступалі школьнікі, што вывучаюць беларускую мову ў Нарве, Залуках і гімназіі №7 у Беластоку. А таксама госці з берасцейскага абласнога ліцэя, Беларускага грамадска-культурнага таварыства і амбасады Беларусі ў Польшчы.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Уля Шубзда