Макей пра візавае пагадненне з ЕЗ



Беларусь працягвае працу з еўрапейскімі партнёрамі над пагадненнямі аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, заявіў журналістам у Менску 21 лютага міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

„На жаль, існуюць пэўныя моманты, міма якіх беларускі бок прайсці не можа. І мы цяпер працуем над іх ліквідацыяй, — дадаў ён. — Практыка знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці Беларусі сведчыць аб тым, што калі мы бачым, што нейкія праблемы з’яўляюцца сапраўды непераадольнай перашкодай у той ці іншай сітуацыі, то беларускі бок заўсёды праяўляў гатоўнасць да кампрамісу”.

Як паведамлялася, паслы дзяржаў — членаў Еўрапейскага звязу 20 лютага нефармальна пацвердзілі пагадненне аб зменах візавага кодэкса, згодна з якімі памер візавага збору павялічыцца з 60 да 80 еўра. У Еўрасаюзе заяўляюць, што змены візавага кодэкса накіраваныя на паляпшэнне ўмоў наведвання краін ЕЗ для добрасумленных падарожнікаў і на пашырэнне інструментарыю па вырашэнні праблем незаконнай міграцыі.

Савет Еўразвяза і Еўрапарламент узгаднілі змены ў візавы кодэкс у канцы студзеня. Цяпер гэтае пагадненне пацвердзілі прадстаўнікі краін ЕЗ. Затым яго павінны будуць пацвердзіць у камітэце Еўрапарламента па грамадзянскіх свабодах, а следам за пагадненне аб змене візавага кодэкса павінны будуць прагаласаваць дэпутаты на пленарнай сесіі. Толькі пасля ўсіх гэтых працэдур дакумент паступіць на зацвярджэнне ў Савет ЕС. Змены ў візавым кодэксе набудуць моц праз паўгода пасля публікацыі ў Афіцыйным журнале ЕЗ.

Раней у прадстаўніцтве ЕЗ у Беларусі БелаПАН тлумачылі, што ў выпадку падпісання Менскам і Бруселем пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму кошт шэнгенскіх віз для Беларусі складзе 35 еўра. Каментуючы меркаваныя змены ў візавы кодэкс, у прадстаўніцтве адзначылі, што „павелічэнне кошту віз не паўплывае на самы нізкі памер візавага збору ў 35 еўра, усталяваны ў пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму, якія заключаныя паміж ЕЗ і шэрагам трэціх краін, такіх як Расея, Арменія і Азербайджан”.

Беларусь і ЕЗ ужо некалькі гадоў вядуць перамовы аб заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. 26 студзеня кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ Андрэа Віктарын сказала журналістам, што бакі працягваюць працу. „У мяне таксама ёсць аптымізм адносна пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму. Думаю, у хуткім часе яно будзе падпісанае”, — адзначыла яна.

belapan.by