БАТЭ выляцеў з Лігі Еўропы
Барысаўскі БАТЭ саступіў дарогу лонданскаму „Арсеналу” у Лізе Еўропы, прайграўшы 0:3 на выездзе.
Чэмпіён Беларусі няўдала згуляў у абароне. Ужо на 4-й хвіліне Захар Волкаў недарэчна пераправіў мяч ва ўласную браму. Далей БАТЭ адразу не пасыпаўся, а нават сам стварыў два добрыя моманты ля брамы Петара Чэха. Аднак завяршэнне атак было зусім няўдалым.
У канцоўцы першага тайма абарона БАТЭ зусім рассыпалася і другі мяч заляцеў у сетку гасцей.
Пасля перапынку беларуская каманда стварыла рэальную пагрозу браме суперніка, але зноў завяршальны ўдар быў нягеглым.
На 60-й хвіліне пасля падавання корнера і грубых памылак абаронца і брамніка БАТЭ „Арсенал” давёў сваю перавагу да 3:0. Вынік двухраўндавай дуэлі (у першым матчы перамаглі барысаўцы 1:0) стаў ясным. На гол прэстыжу ў футбалістаў БАТЭ не хапіла ні сілаў, ні майстэрства.
Беларускае Радыё Рацыя