Чаму беларусы масава не святкуюць Дзень роднай мовы?
Чаму ў Беларусі масава святкуюць 23 лютага, а не дзень роднай мовы? Такое пытанне Беларускае Радыё Рацыя задала тым, хто святкаваў Дзень роднай мовы.
На думку рэспандэнтаў, многія яшчэ проста не ведаюць пра гэтае свята:
– Я таксама сёння першы раз пабачыла, што Сусветны дзень роднай мовы – гэта ж не толькі нашай. Я сёння першы раз гэта прачытала і ўсіх павіншавала.
– Гэта стэрэатып з савецкага часу застаўся, бацькі перадаюць дзецям, бо ўжо вырасла пакаленне, якое не ведае, што такое 23 – гэта толькі стэрэатыпы. Калі б на дзяржаўным узроўні святкавалі Дзень роднай мовы, то я думаю, што кожны год пасля б святкавалі.
– Я думаю, што ўсё наперадзе і мабыць з часам яны памяняюцца месцамі па значнасці.
21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, мэта якога – спрыянне ўсведамленню культурных і моўных традыцыяў. А вось 23 лютага – гэта савецкае свята абаронца айчыны, якое, паводле экспертаў, не мае нічога супольнага з беларускай гісторыяй.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель