Жыхары Гародні: 23 лютага не адзначаем
Жыхары Гародні лічаць свята 23 лютага, якое ў Беларусі адзначаюць як Дзень абаронцаў Айчыны, адбіткам савецкага мінулага. І большасць апытаных на вуліцах горада гэтае свята не адзначаюць:
– Яно не мае чагосьці істотнага, бо гэта адбітак, які застаўся на нашай тэрыторыі з часоў Савецкага Саюза. У нас ёсць свае святы, якія прысвечаныя вайсковай славе, беларускім вайскоўцам. На мой погляд, лепей іх адзначыць.
– Гэта не з’яўляецца святам. І гістарычна гэта не абгрунтавана.
– Так, я лічу, што трэба. У маёй сям’і разуменне, што гэта свята не толькі тых, хто служыў, а мужчыны – абаронцы сям’і.
– Не трэба нам падтрымліваць гэтыя, па-першае, савецкія, а па-другое, мілітарыстычныя святы. У нас ёсць свае святы.
– Я лічу, што 23 лютага трэба абавязкова і варта адзначаць, як дзень заснавання Беларускай краёвай абароны, як частку нашай беларускай гісторыі.
У савецкіх традыцыях на гэта свята жанчыны ўручалі мужчынам шкарпэткі і гель для галення ці парфум, а большасць гарадзенцаў лічаць, што падобныя падарункі трэба ўручаць у міжнародны Дзень бацькі, які ў многіх краінах свету святкуюць ў трэцюю нядзелю чэрвеня.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня