Суд у Гомелі адмовіўся разглядаць скаргу „дармаедкі”
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля адмовіўся „з прычыны непадведамаснасці” разглядаць скаргу „дармаедкі”. У суд са скаргай на чыноўнікаў з камісіі садзейнічання занятасці насельніцтву адміністрацыі Чыгуначнага раёна звярнулася хатняя гаспадыня Марыя Тарасенка. Яна лічыць неправамерным налічваць ёй камунальныя плацяжы па павышаным тарыфе.
Спачатку жыхарка Гомеля безвынікова абскарджвала ў гарвыканкаме дзеянні камісіі, якая ўключыла яе ў спісы не занятых у эканоміцы. Пасля гэтага гамяльчанка пайшла ў суд. Юрыдычную дапамогу ёй аказваў прававы інспектар незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка.
У скарзе ў суд было ўказана, што грамадзянка ўдзельнічае ў эканоміцы, бо з’яўляецца спажыўцом тавараў і паслуг, у тым ліку падакцызных, плаціць зборы і пошліны, ускосныя падаткі. Заяўніца лічыць, што члены камісіі ў прыватнасці і дэкрэт „аб дармаедстве” ў цэлым парушаюць Канстытуцыю, права не зведваць прымусовую працу і дыскрымінацыю.
Суддзя Дзмітрый Дзябой адмовіў заяўніцы ў разглядзе справы па сутнасці, хоць менавіта ў суд Марыю Тарасенку адпраўлялі адміністрацыя і гарвыканкам „у выпадку нязгоды з адказам”.
На гэта вызначэнне суда Тарасенка 22 лютага з дапамогай прафсаюза РЭП падала прыватную скаргу ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суда.
„Мы ставім пытанне аб адмове ў правасуддзі, што парушае канстытуцыйныя правы грамадзяніна. Адмовіўшыся разглядаць скаргу, суд парушае Канстытуцыю. Суддзя матываваў сваё рашэнне тым, што правы Тарасенкі не парушаны — маўляў, пакуль яшчэ нічога не выставілі ёй да аплаты, але гэта ж не так. Калі ўнеслі ў гэтую базу, прыйдзецца плаціць павышаную „камуналку”. А на другое патрабаванне скаргі — паставіць перад Канстытуцыйным судом пытанне аб неканстытуцыйнасці дэкрэта — суд наогул не адрэагаваў. Мы выкарыстоўваем усе механізмы ўнутранай абароны, а калі трэба — паставім пытанне перад Камітэтам ААН па правах чалавека, што фактычна ў Беларусі 500 тысячам грамадзян адмоўлена ў правасуддзі, бо гэта тэма тычыцца не толькі Марыі Тарасенкі, а фактычна адной дзясятай часткі эканамічна актыўнага насельніцтва краіны”, — заявіў БелаПАН Судаленка.
Ён заклікаў грамадзян, прызнаных „дармаедамі”, актыўна пісаць скаргі ў суд. „Калі іх будзе некалькі тысяч — як у мінулым годзе некалькі тысяч выйшлі на вуліцы, улада перагледзіць сваё рашэнне”, — лічыць прававы інспектар прафсаюза РЭП.
Для дапамогі „дармаедам” ён падрыхтаваў узоры скаргаў у гарадскія і раённыя выканкамы, а таксама ў суды.