Севярынец: Мы прапануем удзельнічаць у сапраўдных выбарах



У кожнага палітыка свая матывацыя, каб не далучыцца да праймерыз – кажа Павел Севярынец.

Гэта іх справа і адказнасць, кажа ён. Прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі да выбараў 2010 года ладзяць праймерыз, каб абраць адзінага моцнага апазіцыйнага кандыдата і сфарміраваць каманду аднадумцаў. Аргумент фактычна адзін – мы прапануем удзельнічаць у сапраўдных выбарах, дзе лічаць галасы, – кажа кандыдат на праймерыз, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. 

– На так званых выбарах, якія абвяшчаюцца Лукашэнкам і Ярмошынай, галасы не лічацца. На праймерыз галасы лічыць будуць. Прычым лічыць будуць самі беларусы. Таму паўдзельнічаць у гэтых выбарах і высветліць, хто сярод апазіцыі можа быць прадстаўніком альтэрнатывы, калі той ці іншы палітык не хоча ўдзельнічаць у такім вызначэнні, гэта нешта гаворыць пра яго самога. Бо калі людзі хочуць альтэрнатыву, хочуць, каб асобны чалавек іх сапраўды прадстаўляў, калі ласка, давайце, прыміце удзел.

У праймерыз, што ладзіць правацэнтрысцкая кааліцыя, удзельнічаюць: Павел Севярынец ад Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, Юрась Губарэвіч ад Руху «За свабоду» і Мікалай Казлоў ад Аб’яднанай грамадзянкай партыі. Правацэнтрысты лічаць, што пасля праймерыз у каманду адзінага кандыдата патэнцыйна могуць увайсці каля 10 тысяч актывістаў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя