У Менску ноччу гарэў інтэрнат, ёсць пацярпелыя



У Менску гэтай ноччу адбыўся пажар у інтэрнаце — эвакуіравалі больш за 200 чалавек, сямёра пацярпелі.

Як паведамляе МНС, у 01.02 паступіла паведамленне пра загаранне блок-пакоя на другім паверсе дзевяціпавярховага будынка інтэрната №1 філіяла ААТ Кіруючая кампанія холдынгу „Гарызонт” у Менску па зав. С.Кавалеўскай, 55. Высветлілася, што ў холе (3 х 4 метры) блока на 8 пакояў на другім паверсе адбылося загаранне маёмасці і мэблі на плошчы 12 кв. метраў. Работнікамі МНС сумесна з адміністрацыяй аб’екта з будынка інтэрната эвакуіравалі 223 чалавекі, з іх 40 дзяцей.

Ужо пасля ліквідацыі пажару самастойна па медыцынскую дапамогу звярнуліся сем чалавек, у тым ліку чацвёра дзяцей, якіх даставілі ў бальніцы. Асноўны папярэдні дыягназ — атручэнне прадуктамі гарэння.

Пажар быў лакалізаваны і ліквідаваны ратавальнікамі. Прычына ўстанаўліваецца, версія, якая разглядаецца, — кароткае замыканне электраправодкі ў холе на другім паверсе.

belapan.by

Фота mchs.gov.by