Улады забаранілі запланаваныя 23 і 24 лютага мітынгі супраць завода АКБ



Мясцовая ўлада Берасця забараніла правядзенне чатырох мітынгаў супраць акумулятарнага завода. Па два мітынгі намячаліся 23 і 24 лютага на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначана мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, на пададзеныя заяўкі Берасцейскі гарвыканкам адказаў, што правядзенне мітынгаў недапушчальна ў сувязі з запланаванымі раней на дадзенай пляцоўцы ў гэтыя дні мерапрыемствамі, прысвечанымі Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

„Пасля таго як мы сталі падаваць заяўкі на мітынгі на гэтай пляцоўцы, улады сталі вельмі актыўна задзейнічаць яе для сваіх мерапрыемстваў, — заявіў праваабаронца. — Робіцца гэта невыпадкова. Чыноўнікі баяцца публічных акцый пратэсту супраць акумулятарнага завода”.

Грамадская кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў горадзе  64 мітынгаў, 12 пікетаў і 13 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Брэстаўчанкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

Праціўнікі прадпрыемствы збіраюцца з 25 лютага кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПауэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю.

Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.

У сакавіку на заводзе запланаваны выпуск доследнай партыі акумулятараў.

belapan.by