Польшча гатова прадаваць зброю Украіне



Працягваецца першы афіцыйны візіт прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі ў Польшчу. Падчас учорашняй сустрэчы прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі заявіў пра гатоўнасць Варшавы весці перамовы пра магчымы продаж зброі Кіеву.

У медыях не гаворыцца, што Парашэнка адказаў на прапанову. Прэзідэнт Украіны заявіў, што неўзабаве ён звернецца да парламента з прапановай адмяніць нейтральны, пазаблокавы статус Украіны.

Выступаючы ў польскім парламенце, Парашэнка сказаў, што яго краіна будзе рухацца ў напрамку еўраатлантычнай бяспекі, не кажучы пры гэтым пра НАТА.

А чаго найбольш чакае Украіна ад Польшчы? Прадстаўнікі ўкраінскай грамады ў Варшаве падкрэсліваюць, што Украіне цяпер найбольш патрэбна вайсковая дапамога. Каардынатар “Украінскага свету” Дмытро Анопаў спадзяецца, што словы прэзідэнта Польшчы пра магчымы продаж зброі Украіне неўзабаве пяройдуць у дзеянні:

– Мы патрабуем мілітарнай дапамогі, бо як вядома ваюем у красоўках, няма адпаведнай зброі для таго, каб супрацьстаяць такому моцнаму ворагу, як Расейская Федэрацыя. Таму я думаю, што калі спадар Камароўскі пра гэта казаў, то гэта будзе адпавядаць рэчаіснасці і ў бліжэйшай будучыні гэты праект будзе ўвасоблены.

У сваю чаргу, Украіна маючы досвед у змаганні за свабоду можа дапамагчы Беларусі, зазначае старшыня „Беларускага Дому ў Варшаве” Алесь Зарэмбюк:

– Улічваючы той досвед, які атрымала Украіна, перамогу дэмакратыі, якую яна выпакутавала можна сказаць, за якую панесла вельмі вялікую цану – сотняў і тысячаў жыццяў украінскіх і некаторых у тым ліку беларускіх грамадзян, Украіна мусіць рабіць усё магчымае, каб Беларусь змяніла свой вектар з усходняга на заходні, каб Беларусь таксама як і Украіна рухалася ў Еўропу і еўраатлантычныя структуры.

Плануецца, што Пятро Парашэнка наведае Люблін, дзе сустрэнецца з украінскімі студэнтамі.

Беларускае Радыё Рацыя