Кіраўнік расейскага МЗС выказаўся наконт аб’яднання Беларусі і Расеі



Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў упэўнены, што расейска-беларуская рабочая група па развіцці інтэграцыі дапаможа дасягненню дамоўленасцей паміж краінамі.

Фота kremlin.ru

Падчас аднаго з інтэрв’ю журналіст спытаў, як Лаўроў ацэньвае словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Беларусь гатовая аб’яднацца з Расеяй?

„Ці гатовая Расея да такога кроку?” — спытаў журналіст у Лаўрова.

„Вакол гэтага пытання занадта шмат эмоцый, журналісты многае дадумваюць і дапісваюць. У нас вельмі простая пазіцыя, і яна падзяляецца прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Ёсць дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, у ім выкладзены тыя дамоўленасці, якія былі пакладзены ў аснову Саюзнай дзяржавы. Яны датычацца ўзаемадзеяння ў эканоміцы, фінансах, у сферы палітычнай і знешнепалітычнай каардынацыі”, — сказаў Лаўроў.

Як адзначыў расeйскі міністр, рабочая група дзвюх краін па інтэграцыі павінна паглядзець, наколькі дамоўленасці той эпохі на сёння выкананы, і што патрабуецца зрабіць, улічваючы сучасны стан развіцця дзяржаў.

„Роўна пра гэта і ідзе гаворка, таму мы гатовыя працягваць супрацоўніцтва настолькі, наколькі гатовая гэта рабіць сама Беларусь”, — сказаў Лаўроў.