У Берасці прайшла дэманстрацыя праціўнікаў будоўлі завода
Праціўнікі будаўніцтва завода акумулятарных батарэй кампаніі „Ай Паўэр” чарговы раз выйшлі на пратэст на плошчу Леніна.
Праз сорак хвілін пасля акцыі яны рушылі шэсцем па вуліцам Пушкінская і Савецкая да кінатэатра „Беларусь”. Удзельнікі нядзельнага мерапрыемства даведаліся пра тое, што кампанія „Ай Паўэр” плануе выпусціць першыя акумулятары ўжо ў сакавіку.
„Акрамя таго, на заводзе будзе не толькі вытворчасць, але і перапрацоўка старых акумулятараў”, – паведамляе прадтаўнік ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва Дзмітрый Бекалюк:
– Калі ў мяне яшчэ цеплілася надзея на нейкую законнасць, то пасля таго, як я пачуў прафесара на афіцыйнай прэс-канферэнцыі, якую запрасіў „Ай Паўэр”, у мяне больш не засталося падставаў верыць ні Мінпрыродзе, ні заявам „Ай Паўэр”. Цалкам страчана вера ў законнасць прыняцця рашэнняў Мінпрыроды ў частцы дадзенага аб’екта.
Пасля завяршэння шэсця некаторыя з прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы пайшлі на прагляд фільмаў у кінатэатр „Беларусь”.
Акцыю суправаджалі супрацоўнікі Ленінскага РАУС у цывільным, а вакол месцаў яе правядзення дзяжурыў АМАП. Напярэдадні „кармлення галубоў” быў затрыманы блогер Аляксандр Кабанаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце