Дзяржабвінаваўца запрасіла пакаранне для Марыны Золатавай: штраф тысяча базавых велічыняў (абноўлена)



Дзяржаўны абвінаваўца Юлія Харчэйкіна падчас судовых спрэчак 25 лютага папрасіла суд прызнаць галоўнага рэдактара tut.by Марыну Золатаву вінаватай паводле арт. 425 ч. 2 КК (бяздзейнасць службовай асобы) і прызначыць ёй штраф 1 тысяча базавых велічынь (25 тыс. 500 рублёў).

Абвяшчэнне прысуду галоўнаму рэдактару tut.by Марыне Золатавай прызначанае на 4 сакавіка ў 12.30. Пра гэта аб’явіў 25 лютага суддзя Аляксандр Петраш.

Пры прызначэнні пакарання Харчэйкіна папрасіла суд „улічыць ступень грамадскай небяспекі і сямейныя акалічнасці” абвінавачванай. Абцяжарваючых віну акалічнасцяў у Золатавай не выяўлена, а аблягчаючае — наяўнасць малалетняга дзіцяці.

Меру стрымання ў выглядзе падпіскі пра нявыезд яна папрасіла пакінуць да ўваходжання прысуду ў законную сілу.

Дзяржабвінаваўца адзначыла, што ў сённяшніх рэаліях „інфармацыя з’яўляецца адным з найважнейшых рэсурсаў”, які нярэдка становіцца аб’ектам куплі і продажу. Такія акалічнасці спараджаюць „новыя сацыяльныя праблемы, у тым ліку неправамернае завалоданне інфармацыяй”.

Пры гэтым, паводле яе слоў, самымі небяспечнымі для прадпрыемства становяцца не знешнія пагрозы, а ўласныя супрацоўнікі, якія „прысвойваюць інфармацыю прадпрыемства, не лічачы гэта чымсьці дрэнным”, працягваюць захоўваць інфармацыю з мінулай працы і карыстацца ёй, бо „не бачаць у гэтым ніякай небяспекі”.

Паводле слоў Харчэйкінай, людзі не заўсёды лічаць злачынства, звязанае з неправамерным выкарыстаннем інфармацыі, чымсьці сур’ёзным, таму ў выпадку абвінавачання ім уласціва „не верыць або адмаўляць тое, што адбываецца”. „Такая рэакцыя, верагодна, і прымушае гэтых асоб шукаць іншыя, больш рэальныя версіі таго, што адбываецца, — выказваць меркаванне пра змову, увязваць палітыку. Але, на жаль, гэта злачынства не з’яўляецца чымсьці ўнікальным”, — сказала яна.

Дзяржабвінаваўца нагадала, што Золатавай выстаўленае абвінавачанне ў тым, што яна, будучы службовай асобай, з’яўляючыся фактычным кіраўніком структурнага падраздзялення ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫА”, з пачатку 2017 па сярэдзіну 2018 года не прыняла належных мер, каб перашкодзіць сваім падначаленым і іншым супрацоўнікам tut.by здзяйсняць несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі ў платным раздзеле дзяржаўнага агенцтва БелТА.

Яе бяздзейнасць, сказала Харчэйкіна, спалучана з патураннем злачынству. Золатава, паводле сцвярджэння абвінавачання, павінна была прыняць меры па заключэнні дагавора на аказанне інфармацыйных паслуг з БелТА, але не зрабіла гэтага.

Крымінальную справу Марыны Золатавай разглядае суд Заводскага раёна Менска. Слуханні доўжацца з 12 лютага. 

БелаПАН