Паэт, які жадаў, каб Беларусь не стала крыжам



110 гадоў таму 25 лютага 1909 года ў Слоніме нарадзіўся беларускі паэт Сяргей Дарожны (Сяргей Серада). Нарадзіўся ён у сям’і вайскоўца, які служыў у Слоніме. Калі пачалася Першая сусветная вайна бацьку забралі на фронт, а сям’я Серады была эвакуіравана ў Варонеж. Бацька з вайны не вярнуўся. А Сяргея, пасля вяртання з бежанства, маці аддала ў Мазырскі дзіцячы дом.

Першыя вершы Сяргея Дарожнага з’явіліся ў друку ў 1925 годзе. А праз год выходзіць яго першы зборнік вершаў (сумесна з І.Плаўнікам) “Звон вясны”. Сяргей становіцца актыўным сябрам літаб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”. Шмат друкуецца. У 1930 годзе ён скончыў Белдзяржуніверсітэт. Свет пабачылі яго новыя зборнікі вершаў “Пракосы на памяць” і “Васільковы россып”. Сяргей Дарожны становіцца сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі. У тыя даваенныя гады Сяргей Дарожны быў адным з самых папулярных паэтаў. Яго запрашалі на сустрэчы і літаратурныя вечары. Аднойчы Кузьме Чорнаму ён прачытаў радкі:

Беларусь больш не стане крыжам

Пры дарозе, з Хрыстом распятым…

Калі гэтыя радкі пачуў класік, то вельмі расчуліўся, бо дужа спадабаліся яны слыннаму пісьменніку.

І паэт працягваў выступаць і чытаць:

Пасінела неба раніцой над гаем,

Пасінела рана —

Скрозь.

А сягоння любая у мяне другая,

Ў залатым убранні,

Ля бяроз…

Яго творчасць любіла беларуская моладзь, ім захапляліся, на яго словы пісалася музыка і гучалі песні…

У жніўні 1936 года Сяргей Дарожны жыў у Менску. Яго хутка арыштавалі органы НКВД. І, як “члена антысавецкай нацдэмаўскай арганізацыі” асудзілі да 8 гадоў ППК.

Сяргея Дарожнага адправілі на Далёкі Ўсход будаваць Камсамольск-на-Амуры. Адтуль ён ужо ніколі не вярнуўся. Рэабілітавалі паэта ў канцы 1954 года. А ў 1966 годзе выйшаў невялікі зборнічак “Выбраных вершаў”.

53 гады творы паэта Сяргея Дарожнага ў Беларусі не выдаваліся асобнымі зборнікамі. Па-ранейшаму яго паэтычная творчасць знаходзіцца пад “рэпрэсіямі” і не сабрана ў асобны том, хаця напісана ім шмат.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя