Берасце рыхтуе замену Аляксандру Лукашэнку



На берасцейскім Youtube-канале „Народны рэпарцёр” з’явілася інфармацыя пра тое, што ініцыятыўная група праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода не выключае ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах.

Пра гэта паведаміў адзін з лідараў пратэстаў Дзям’ян Лепясевіч у эфіры каналу. На відэа Дзям’ян не выключае вылучэння  менавіта сваёй кандыдатуры ў якасці кандыдата на прэзідэнцкі пост:

– Дабіцца законнасці знізу калі не атрымліваецца, то значыць трэба ісці на вышэйшы ровень. Да прэзідэнта мы звярталіся з самага пачатку, і ў Савет міністраў звярталіся неаднаразова. І выніка мы не дабіліся. Калі нас не чуюць, значыць трэба нешта зрабіць, каб мы маглі ўплываць на сітуацыю, каб мы маглі кантраляваць. Прымаючы ўдзел у выбарах мы зможам рэалізаваць сваё законнае права, увесці дыктатуру закона і правапарадку, а не дыктатуру нечых жаданняў і жаданняў інвестара.  

За няпоўныя суткі відэа ўжо назбірала больш за 2500 праглядаў, а дзясяткі прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы ў Viber-чаце „Неравнодушные” падтрымалі гэтае памкненне.

Таксама некаторыя з іх заявілі пра дапамогу ў зборы подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты ад ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота 1reg.by