Алена Талстая: Галоўная задача – гэта дэнансацыя Саюзнай дамовы



“Галоўная задача на сёння – гэта дэнансацыя Саюзнай дамовы ад 1999 году”, – заяўляе сустаршыня Руху салідарнасці “Разам” Алена Талстая.

На думку актывісткі, менавіта ад гэтага залежыць усё нашае далейшае жыццё: і палітычнае, і эканамічнае, і прыватнае:

– Таму менавіта з такой прапановай мы звярнуліся да ўсіх дэмакратычных сілаў – аб правядзенні кампаніі па дэнансацыі Саюзнай дамовы ва ўсіх фарматах, якіх гэта толькі магчыма. Таксама ў сувязі з гэтай праблемай мы выступілі з іншымі прапановамі, якія цесна звязаныя з кампаніяй па дэнансацыі, – гэта скліканне Кангрэса дэмакратычных сілаў Беларусі. І менавіта гэты Кангрэс павінен абвясціць кампанію па дэнансацыі Саюзнай дамовы.

Кіраўніцтва Руху звярнулася да Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з просьбай дапамагчы ў арганізацыі кансультацыі для беларускай апазіцыі, якая на сёння з’яўляцца раз’яднанай. Як кажа Алена Талстая, менавіта Рада БНР – гэта тая структура, да меркавання якой прыслухаюцца ўсе бакі дэмакратычнага поля:

– У Віленскім Мемарандуме ёсць словы пра тое, што калі ўзнікае пагроза незалежнасці Беларусі, Рада бярэ на сябе пэўныя функцыі, напрыклад, функцыі па правядзенні кансультацый. Рух салідарнасці „Разам” ёсць адным з падпісантаў Віленскага Мемарандума. І мы звярнуліся да Рады БНР, і я вельмі спадзяюся, што нас пачуюць, каб менавіта Рада ініцыявала такія кансультацыі для беларускай апазіцыі, менавіта на гэтай пляцоўцы мы маглі б аб’яднацца.

Рух салідарнасці “Разам” не будзе ўдзельнічаць у парламенцкай і прэзідэнцкай выбарчых кампаніях, паколькі лічыць, што сапраўдных выбараў у краіне няма. Яшчэ ў пачатку году Рух выступіў з прапановай да іншых палітычных сілаў пра неўдзел у так званым “выбарчым фарсе”.

Цалкам размова з прадстаўніцамі кіраўніцтва Руху салідарнасці „Разам” Аленай Талстой і Таісіяй Кабанчук – у далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя