Лукашэнка абвясціў вымову міністру адукацыі Карпенку



Міністру адукацыі Ігару Карпенку абвешчаная вымова за „непрыняцце належных мер па забеспячэнні бяспечных умоў знаходжання дзяцей ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Адпаведнае распараджэнне падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Незадаволенасць дысцыплінай і парадкам у школах Лукашэнка выказаў 12 лютага падчас кадравых прызначэнняў. Напярэдадні ў сярэдняй школе № 2 у Стоўбцах (Мінская вобласць) здарылася трагедыя. Паводле дадзеных следства, вучань 10-га класа напаў з нажом на настаўніцу гісторыі, параніў двух аднакласнікаў, якія спрабавалі за яе заступіцца, а затым 11-класніка, які памёр на месцы. 50-гадовая настаўніца таксама памерла. Нападнік з месца злачынства ўцёк, але неўзабаве быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. У яго знайшлі меркаваную прыладу злачынства — нож. Двое падлеткаў, 15 і 16 гадоў, якія атрымалі колата-рэзаныя раненні, былі праапераваныя.

Акрамя абвінавачвання ў забойстве ў дачыненні да юнака распачатая яшчэ адна справа — аб замаху на забойства двух падлеткаў, якія ўжо выпісаныя з бальніцы, і іншых асоб (ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 139 КК). Расследаваннем займаецца галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарата СК.

„Я суткі аналізую сітуацыю і ўсякага кшталту размовы на гэтую тэму: хто вінаваты. Усе мы вінаватыя, і справа не толькі і не столькі ў інтэрнэце. У нас у школах бардак, поўны бардак. Ніколі такога не было”, — заявіў Лукашэнка 12 лютага. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў звярнуць увагу на месцы масавага збору людзей, у першую чаргу дзяцей. Што тычыцца інцыдэнту ў стаўбцоўскай школе, то ён лічыць, што „трэба на ўсю катушку спытаць перш за ўсё са старшыні райвыканкама”. „І з міністра адукацыі. Чаму не навялі парадак у школе?” — сказаў Лукашэнка. „Школа — святое месца. Як у царкву, трэба ісці ў школу”, — перакананы ён.

„Жалезная дысцыпліна павінна быць, — падкрэсліў Лукашэнка. — Нам трэба захаваць тую стабільнасць, якая сёння ў краіне ёсць. Галоўная каштоўнасць — гэта чалавечае жыццё”.

belapan.by

Фота БелТА