Фестываль “Прадмова” ў Полацку 3 сакавіка
Ад Полацка, як вядома, пачаўся свет, а мы пачынаем наш літаратурны фестываль у горадзе Еўфрасінні і Скарыны, у цэнтры Еўропы. Больш за тое – у сусветны дзень пісьменніка, 3 сакавіка ў кавярні “Раздол”(вул. Талстога 15) з 11:00 да 21:00. Адзначым свята ў кампаніі пісьменнікаў, музыкаў, выдаўцоў і іншых герояў нашага часу.
Хто прыедзе? Альгерд Бахарэвіч і Юля Цімафеева, Марыя Мартысевіч і Стась Карпаў, Лявон Баршчэўскі і Зміцер Колас, Наста Кудасава і Дзмітры Строцаў, Зміцер Бартосік і Надзея Кахновіч, а таксама іншыя госці з ускраінаў Полацкага княства. Палачане таксама не застануцца ўбаку – Уладзімір Лобач, Алесь Аркуш, Міхась Баўтовіч, Лера Сом і шмат хто яшчэ! Спіс выступоўцаў удакладняецца, сачыце за абнаўленнямі.
У праграме: паэзія, проза, спевы, падарункі, прызы – хлеб і відовішчы. Уваход вольны, выхад – толькі ў астрал сусветнай літаратуры: выдаўцы “Паэтаў Планеты” пазнаёмяць вас са свежавыдадзенымі перакладамі на беларускую мову Марка Валерыя Марцыяла, Фрыдрыха Шылера, Адама Міцкевіча, Ўола Ўітмэна, Арцюра Рэмбо, Ўільяма Блэйка, Марыны Цвятаевай, Томаса Вянцлавы і іншых сусветна вядомых аўтараў.
Можна будзе не толькі паслухаць аўтараў і музыкаў, але і набыць кнігі і нават аўтрымаць аўтографы. А таксама падыскутаваць пра надзённае і даведацца ўсю праўду пра нашы літаратурныя прэміі.
Далучайцеся да свята! 3 сакавіка ўсе мы крыху пісьменнікі.
Нагадаем, што Другі беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» адбудзецца 4-7 красавіка 2019 г. у г. Менску, а таксама ў сакавіку 2019 г. у Полацку (3 сакавіка), Гародні (16 сакавіка), Гомелі (23 сакавіка), Берасці (30 сакавіка) пры падтрымцы Беларускага ПЭН-цэнтра, Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза дызайнераў, найбуйнейшых айчынных выдавецтваў як важнае асветніцкае мерапрыемства ў культурным жыцці нашай краіны.
Фестываль з’яўляецца некамерцыйным грамадзянска-адукацыйным праектам, накіраваным на развіццё інтэлектуальнага асяроддзя, месцам сустрэчы аўтараў, выдаўцоў, дызайнераў, мастакоў, рэдактараў, перакладчыкаў, бібліятэкараў і ўсіх знаўцаў кнігі. Мерапрыемствы фестывалю праходзяць у самых розных фарматах: ад джэм-сесій, квэстаў і музычных выступленняў да інтэлектуальных дыскусій і лекцый, а таксама прэзентацый вядомых аўтараў. У прыватнасці, папярэднюю згоду на ўдзел у праграме фестывалю далі Святлана Алексіевіч (Беларусь), Томас Вянцлава (Літва), Віктар Ерафееў (Расея), шэраг іншых вядомых айчынных і замежных аўтараў.