Беларускія вытворцы заключылі на выстаўцы ў ААЭ кантракты на $13 млн
Беларускія харчовыя прадпрыемствы заключылі на выстаўцы харчовых тавараў Gulfood, якая праходзіла з 17 па 21 лютага ў ААЭ, экспартныя кантракты на пастаўку прадукцыі на агульную суму больш за $13 млн. Аб гэтым паведамілі на прадпрыемстве „Белінтэрэкспа” БелГПП, якое выступіла арганізатарам беларускай экспазіцыі.
Экспазіцыя беларускіх вытворцаў Belarus. The Taste of Nature на выстаўцы Gulfood стала ўжо традыцыйнай – мерапрыемства праводзіцца чацвёрты год запар. „У 2019 годзе мерапрыемства па насычанасці праграмы і рэзультатыўнасці перасягнула ўсіх сваіх папярэднікаў. Такога поспеху дала магчымасць дабіцца зладжаная работа арганізацый, пры актыўнай падтрымцы якіх вялася падрыхтоўка да экспазіцыі: Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, пасольства Беларусі ў ААЭ і генконсульства ў Дубаі, Гандлёва-прамысловай палаты Дубая”, – адзначылі ў „Белінтэрэкспа”.
Прадпрыемства „Малочны гасцінец” заключыла кантракт на суму $500 тыс. на пастаўку ў ААЭ ультрапастэрызаванага малака, тварагу і сыру. ТАА „Праймілк” падпісала кантракты з чатырма імпарцёрамі, пастаўка малочнай прадукцыі прадпрыемства пачнецца на бягучым тыдні. Сухое абястлушчанае малако вытворчасці ААТ „Малочная кампанія „Навагрудскія дары” будзе пастаўлена ў некалькі краін: 300 т – у Егіпет, Сірыю, ААЭ і 25 т – у Афганістан.
Дамоўленасці аб пастаўцы малочнай прадукцыі ў Сірыю дасягнуў Лідскі малочна-кансервавы камбінат, першая партыя будзе адгружана ў сакавіку. Зацікаўленасць да натуральнамалочнай прадукцыі ААТ „Мінскі малочны завод нумар 1” праявілі бізнесмены з Сірыі, Амана, Кувейта, Саудаўскай Аравіі, Лівіі, Алжыра, Іарданіі, Лівана, Бахрэйна, Індыі, Пакістана і іншых краін.
Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат плануе пастаўляць сухое, неразведзенае і канцэнтраванае малако ў Бангладэш, Саудаўскую Аравію, Ірак, Афганістан.
Тураўскі малочны камбінат перадаў узоры прадукцыі (мацарэла для піцы, мацарэла з заменнікам малочнага тлушчу, крэмчыз, маскарпонэ) патэнцыяльным партнёрам з Ірака, Кувейта, Катара, Саудаўскай Аравіі, Егіпта, ААЭ і іншых краін Персідскага заліва. Шакалад і цукеркі „Спартак” высока ацанілі дыстрыб’ютары з ААЭ, Лівана і Саудаўскай Аравіі.
Да прадукцыі Слонімскага мясакамбіната праявілі цікавасць кампаніі з Амана, Лівіі, Ірана, Ірака, Туркменістана, Кыргызстана, Афганістана. Дасягнуты дамоўленасці на пастаўку бескасцёвага ахалоджанага мяса ялавічыны ў ААЭ і Саудаўскую Аравію, замарожанага ахалоджанага мяса на косці ў Арменію і Казахстан, гатовай прадукцыі з мяса ялавічыны – у Грузію.
„Мінаблмясамалпрам” і міжнародны імпарцёр прадуктаў харчавання „Хакан Агра” падпісалі кантракт на пастаўку больш як 200 т сухога малака ў ААЭ.
Паколькі плошчы на выстаўцы Gulfood карыстаюцца высокім попытам, „Белінтэрэкспа” БелГПП ужо цяпер прапануе браніраваць месцы на беларускай экспазіцыі ў Дубаі ў 2020 годзе.
З улікам цікавасці да беларускай прадукцыі ў краінах Азіі і Афрыкі „Белінтэрэкспа” прапануе беларускім вытворцам прадуктаў харчавання ў 2019 годзе прыняць удзел у выставачных экспазіцыях айчынных вытворцаў у Азербайджане, Анголе, Інданезіі, Іраку, Катары, Кітаі, Манголіі, Нігерыі, ААЭ, Сірыі, Судане, Турцыі, Узбекістане і іншых краінах. Акрамя таго, у бягучым годзе пройдуць дзве маштабныя выстаўкі беларускіх вытворцаў Made in Belarus у Грузіі і Казахстане. Запланаваны таксама экспазіцыі ў Аргенціне, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Кубе, Польшчы, Расеі, Сербіі, Чэхіі, Швецыі.