У Беластоку распавядуць пра пацыфікацыю беларускіх вёсак 



3-га сакавіка ў Цэнтры праваслаўнай культуры ў Беластоку пройдзе сустрэча па тэме “Пацыфікацыя вёсак у Бельскім і Гайнаўскім паветах у 1946 годзе”. На ёй выступіць прафесар Беластоцкага ўніверсітэта Алег Латышонак. 

Падчас сустрэчы будзе прэзентавана выстава “Наша памяць”, якую падрыхтавалі Беларускае гістарычнае таварыства і фонд  Камунікат.орг. Выстава на 13 планшэтах прадстаўляе «шлях крывавага рэйду „Бурага”» і нашу памяць пра гэтыя падзеі, гаворыць  Алег Латышонак:

– «Наша памяць» адносіцца перш за ўсё да пасляваеннага перыяду, паколькі ён выклікае найбольш супярэчнасцяў. Перш за ўсё, гэта культ «выклятых жаўнераў». Хачу падкрэсліць, што падчас нашых паездак – мы правялі тры экспедыцыі і палявыя даследаванні – і мушу сказаць, што памяць жыхароў польскіх вёсак, праз якія прайшоў «Буры», таксама не згодная з афіцыйнай памяццю. Яна больш нагадвае беларускую памяць.

Вернісаж выставы «Наша памяць» прайшоў 29 студзеня ў Залешанах. 31 студзеня выстава была прэзентавана ў Бельску-Падляшскім, а 23 лютага – у Гайнаўцы. Паралельна з выставай вядзецца збор сродкаў на аднаўленне помнікаў і магілаў загінулых цывільных жыхароў беларускіх вёсак на Беласточчыне ад рук жаўнераў пад камандаваннем Рамуальда Райса, псеўданім «Буры».

Пачатак сустрэчы  а 18-й гадзіне па адрасе: вул. Святога Мікалая, 5.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя