Нашчадак Адама Міцкевіча хоча змагацца за правы беларусаў у Літве



Раман Гарэцкі-Міцкевіч – прапрапраўнук Міцкевіча, грамадзянін Францыі, які ўжо каля 20-ці гадоў жыве ў Вільні.

Ён лічыць, што ў сучаснай Літве правы нацыянальных меншасцяў не рэалізуюцца напоўніцу і плануе змяніць сітуацыю. Дзеля гэтага прымае ўдзел у самаўрадавых выбарах у Вільні, стварыўшы шматнацыянальны выбарчы камітэт:

– Я стварыў выбарчы камітэт, і ў выбарчых спісах ёсць палякі, літоўцы, рускія і адзін беларус. Я хачу, каб у Літве з большым шанаваннем ставіліся да розных культур, якія тут прадстаўлены, і якія ёсць культурамі, звязанымі з традыцыямі Вялікага Княства Літоўскага. Літве трэба больш шанаваць іншыя народы, бо яны належаць і да літоўскай гісторыі. Таксама я хачу, каб большую вагу мела грамадзянства, а не нацыянальнасць, бо гэта ўласна і ёсць традыцыяй ВКЛ. Я хачу, каб літоўцы памяталі, што доўгі час адміністрацыйнай мовай ВКЛ была беларуская мова.

“Я хачу, каб літоўская дзяржава звярнула большую ўвагу на сваіх грамадзян, якія маюць іншую, чым літоўская, нацыянальнасць”, – дадае Раман Гарэцкі-Міцкевіч. У выпадку перамогі ён збіраецца падтрымліваць беларускую культуру і мову:

– Калі мы выйграем выбары і трапім у самаўрад, то зробім усе, каб беларусы ў Вільні мелі свой Дом культуры, які б дапамагаў у развіцці беларускай мовы і беларускай культуры.

Раман Гарэцкі-Міцкевіч валодае літоўскай мовай, таксама гаворыць па-польску і, зразумела, па-французску. Беларускай мовы пакуль не ведае, але лічыць яе надзвычай прыгожай і мілагучнай.

Самаўрадавыя выбары ў Літве пройдуць у бліжэйшую нядзелю, трэцяга сакавіка.

Цалкам размова з Раманам Гарэцкім-Міцкевічам – у далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя